Яраслаў Раманчук: «Санкцыі супраць «Белнафтахіма» – гэта пакуль толькі маленькая пстрычка па носе»
- 3.01.2008, 11:49
Кіраўнік цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук пракаментаваў пагрозы Аляксандра Лукашэнкі ў адрас ЗША. Беларускі эксперт выказаў здагадку, што Лукашэнка асцерагаецца новых эканамічных санкцый.
"Белнафтахім" – гэта пакуль толькі маленькая пстрычка па носе, але калі санкцыі будуць уведзеныя яшчэ і ў дачыненні прадпрыемстваў "Беларуськалія", іншых беларускіх канцэрнаў і прадпрыемстваў, асабліва банкаў, то гэта сур'ёзна пашкодзіць беларускаму рэжыму", – лічыць Яраслаў Раманчук.
"Лукашэнка асцерагаецца, каб не было абмежаванняў менавіта з камерцыйнага боку. У сітуацыі, калі ў Беларусі набірае абарачэнні наменклатурная прыватызацыя, такое развіццё падзей можа разбурыць тыя схемы, якія дазваляюць беларускай наменклатуры манетызаваць сваю ўладу", – заявіў у інтэрв'ю "Завтра твоей страны" кіраўнік цэнтра Мізэса.
Яраслаў Раманчук таксама заявіў, што "Амерыцы і ўсяму свету абсалютна напляваць на тое, ад чаго адмовіцца або на што пагодзіцца кіраўніцтва Беларусі". "Калі Аляксандр Лукашэнка адмовіцца ад даляра, ён "нашкодзіць толькі сабе", – лічыць эканаміст.
"Рашэнне па ператварэнні даляра ў сусветную валюту не прымалася імгненна, і ўрад адной дзяржавы не ў стане вырашыць праблему адмовы ад выкарыстанні амерыканскай валюты ў сістэме разлікаў нават цягам дзесяці гадоў... Гэта па сутнасці кансенсуснае рашэнне прымалася мільёнамі суб'ектаў ва ўсім свеце цягам больш як шасцідзесяці гадоў, і адмова ад даляра з'яўляецца паказчыкам не лепшай эканамічнай палітыкі", – лічыць Яраслаў Раманчук.