90% прадпрымальнікаў Берасця падтрымалі страйк
- 3.01.2008, 16:39
Каля 90% індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП), якія гандлююць на рынках і ў гандлёвых цэнтрах Берасця, падтрымалі агульнарэспубліканскую акцыю пратэсту.
"Прадпрымальнікі маюць намер не працаваць з няплатай падатку з 1 да 15 студзеня, – паведаміў БелаПАН старшыня Берасцейскага аддзялення грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Віктар Чайкоўскі. – У выпадку калі нічога не зменіцца, з 1 лютага яны маюць намер прыпыніць сваю дзейнасць на нявызначаны тэрмін. Адстойваць свае правы такім чынам прадпрымальнікаў змушае сама ўлада, якая не жадае іх чуць".
Нагадаем, што страйк ІП пачаўся 1 студзеня. Акцыя пратэсту накіраваная супраць падпункта 1.1 указу прэзідэнта № 760, згодна з якім з новага года ІП забароненае выкарыстоўваць працу наёмных працаўнікоў за выключэннем блізкіх сваякоў. Страйк праходзіць у форме змушанага водпуску з няплатай падаткаў.
Варта адзначыць, што аднадзённы агульнанацыянальны страйк ІП, які праходзіў 19 снежня, падтрымалі каля 8 тыс. берасцейскіх прадпрымальнікаў.