Моладзевыя актывісты дамагаюцца вызваленьня палітвязьняў
- 30.01.2008, 9:03
30 студзеня сканчаецца 20-дзённы тэрмін арышту актывісткі JEANS Таццяны Цішкевіч. Яна была затрыманая 10 студзеня пасля сканчэння акцыі прадпрымальнікаў. Пры затрыманні яе моцна збілі. Паводле сведчанняў журналістаў, у суд дзяўчыну прывезлі ў акрываўленай вопратцы.
Суддзя Мікалай Самасейка прыгаварыў Таццяну да адміністрацыйнага арышту тэрмінам 20 сутак. Толькі ёй быў вынесены такі жорсткі прыгавор, падкрэслівае сайт кампаніі «JEANS – за свабоду».
Актывісты JEANS неаднаразова выходзілі на вуліцы Менска, каб нагадаць пра палітвязняў. 16 студзеня амаль сінхронна прайшлі акцыі на Нямізе, у Кунцаўшчыне, на Юбілейнай плошчы і ля станцыі метро "Акадэмія Навук". 28 студзеня адбылася акцыя ў раёне станцыі метро "Пушкінская". Партрэты палітвязняў расклееныя ля судоў і рынкаў, у цэнтры горада.
Учора партрэты палітвязняў з'явіліся ў раёнах, дзе яны жывуць.
А 17 гадзіне Таццяна Цішкевіч павінна быць вызваленая з Цэнтру ізаляцыі првапарушальнікаў, што на вуліцы Акрэсціна. Але за кратамі застаюцца маладзёжныя актывісты, затрыманыя 16 і 21 студзеня, у тым ліку, адзін з лідэраў кампаніі «JEANS – за свабоду», Павел Кур'яновіч, якога таксама пакаралі арыштам на 20 сутак.

