«Ліквідацыя» камуністаў
- 30.01.2008, 9:56
Вярхоўны суд Беларусі пачынае разгляд справы аб ліквідацыі апазіцыйнай Камуністычнай партыі. З такім пазовам у суд звярнулася Міністэрства юстыцыі. У жніўні дзейнасць кампартыі была прыпыненая на паўгода. На думку Мінюста, камуністы праігнаравалі гэтае рашэнне, працягваючы займацца палітыкай.
Лідэр партыі камуністаў 55-гадовы Сяргей Калякін упэўнены, што ўлады хочуць ліквідаваць партыю, асцерагаючыся росту сімпатый выбаршчыкаў да апазіцыі напярэдадні парламенцкіх выбараў у верасні. Пра гэта Сяргей КАЛЯКІН распавёў у інтэрв'ю «Времени новостей».
– Чаму пад пагрозай апынулася менавіта кампартыя?
– Сёння ціску падвяргаюцца ўсе палітычныя сілы, якія не згодныя з урадам. Кампартыя не выключэнне, хоць дзейнасць партый левага флангу выклікае адмысловую турботу ўлады. Гэта звязанае з тым, што Менск адмаўляецца ад сацыяльнай палітыкі, якая праводзілася цягам шматлікіх гадоў. У канцы 2007 года была скасаваная значная частка сацыяльных ільгот. Гэтая рэформа закранула амаль 5 млн грамадзян Беларусі (насельніцтва краіны складае 10 млн чалавек. -– Рэд.). У гэтай сітуацыі партыі, якія выступаюць з пазіцый сацыяльнай справядлівасці, небяспечныя для ўлады.
– Урад гаворыць, што гаворка ідзе пра пераход на адрасную сістэму ільгот, якая дазволіць падтрымліваць тых, хто рэальна мае патрэбу ў дапамозе…
– Нічога такога не адбываецца. Для шматлікіх катэгорый насельніцтва сацыяльныя гарантыі жыццёва неабходныя. У людзей адабралі ільготы, нічога не прапанаваўшы наўзамен. Напрыклад, быў скасаваны бясплатны праезд у грамадскім транспарце для дзяцей. Сёння школьнікі змушаныя плаціць поўны кошт білета. Калі ім трэба дабірацца з перасадкай, то транспартныя выдаткі на дзіця складаюць больш за даляр. У месяц выходзіць значная сума пры тым, што сем'і не атрымалі ніякага кампенсавання.
Шмат хто апынуўся не гатовым да такога павароту падзей, асабліва пенсіянеры, ільготы для якіх таксама былі зрэзаныя. Гэтыя людзі ўсё жыццё аддавалі дзяржаве сваю працу, а цяпер яна іх пакінула сам-насам з іх праблемамі. Трэба ўлічыць, што ў эканоміцы складаецца нядобрая сітуацыя з прычыны падаражання расейскіх энерганосьбітаў. Цэны на камунальныя паслугі растуць. І беларусы праз бюджэт сваёй сям'і пачынаюць разумець, што эканамічнага цуду, пра які ім казалі шмат гадоў, не існуе.
– Вы лічыце, што гэтая сітуацыя адаб'ецца на палітычных перавагах грамадзян?
– Несумнеўна, апазіцыя атрымала дадатковыя магчымасці, хоць паніжэнне даверу да ўлады не азначае, што яно аўтаматычна пяройдзе да апазіцыі. Трэба быць мабільнымі, эфектыўнымі і ўдачлівымі, каб атрымаць сімпатыі грамадзян. Улада разумее, што ў апазіцыі з'явіліся новыя шанцы, і імкнецца ліквідаваць яе арганізацыйныя структуры. Але такімі мерамі ўрад нічога не даможацца. Нават калі партыя камуністаў будзе ліквідаваная, мы будзем працягваць палітычную дзейнасць. Гэта нескладана, калі ёсць людзі, якія да гэтага гатовыя.