Ірына Дарафеева: я не цяжарная
- 30.01.2008, 10:25
У музычных колах апошніх дзён чутка нумар адзін – цяжарнасць спявачкі са статусам “Твар Беларусі” Ірыны Дарафеевай. Прычым пікантнасці гэтай чутцы дадае іншая – маўляў, да Ірыны нераўнадушны кіраўнік дзяржавы.
Такія размовы пайшлі пасля таго, як мінулай зімой Аляксандр Лукашэнка наведаў студыю спявачкі, потым паставіў свой подпіс пад планам мерапрыемстваў у межах піяр-акцыі “Ірына Дарафеева – твар Беларусі”. А ўлетку прыязджаў на яе канцэрт у Мірскім замку. І да ўсяго тады ж згодна з указам Лукашэнкі Дарафеева стала заслужанай артысткай Беларусі, нагадвае “Радыё Рацыя”.
У мінулым годзе ў інтэрв’ю “Салідарнасці” на такое пытанне з намёкам спявачка адказала так: “Ён нераўнадушны не толькі да мяне. Ён нераўнадушны яшчэ і да спорту. І сам хакеем захапляецца і наогул дастаткова актыўны чалавек. Я ўсяго толькі адна з частак ягоных інтарэсаў. Ну, а калі чуткі грунтуюцца толькі на тым, што чалавек прыйшоў на мой сольны канцэрт, то што ў гэтым дрэннага? Проста я навідавоку, і маю працу цяжка не заўважыць. Натуральна, што такая ўвага мяне толькі радуе”.
Як бы тое ні было, у інтэрв’ю радыё “Рацыя” Ірына Дарафеева заявіла, што не цяжарная.
- Ці праўда, што вы ў хуткім часе станяце маці?
- Не, не праўда. А адкуль у вас такая інфармацыя?
- У музычных колах апошнім часам шмат пра гэта гавораць…
- Зразумела… Відаць, больш няма пра што гаварыць у музычных колах… Я магу сказаць, што ў маім жыцці адбываецца ўсё тое ж, што было дагэтуль. Запісваю песні, езжу з канцэртамі па краіне. Вось зараз знаходжуся ў Магілёўскай вобласці. Тут адбылося шэсць маіх канцэртаў і яшчэ павінна быць каля 15. Канцэртная дзейнасць - гэта галоўнае, галоўны складнік усяго майго жыцця.
- Вас, вашу творчасць вельмі высока цэніць Лукашэнка. Мабыць, такая прыхільнасць патрабуе ад вас вялікай адказнасці? Усё ж складана быць увесь час пад пільнай увагай кіраўніка дзяржавы?
- Я не адзіная ў нашай краіне такая вядомая асоба. І думаю, што любы грамадзянін і патрыёт, які любіць сваю краіну і паважае палітыку кіраўніка краіны, выконвае сваю сціплую місію ў жыцці з гонарам.