На беларуска-польскай мяжы пачалі пропуск аўтатранспарту
- 30.01.2008, 15:06
Сітуацыя на беларуска-польскай мяжы нармалізуецца, заявіў у аўторак начальнік прэс-службы Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка..
"Пачаўся рух транспарту, запрацаваў гарадзенскі ўчастак, запрацаваў "Варшаўскі мост". Ёсць надзея, што сёння запрацуюць "Казловічы", удакладніў для "Інтэрфакса" А.Цішчанка. Паводле яго слоў, беларускія і польскія памежнікі, на падставе дамоўленасцяў, дасягнутых падчас сустрэчы ў Берасці ў панядзелак, "узгоднена працуюць, забяспечваючы дынаміку". "Наша задача – максімальна хутка разгрузіць памежныя пераходы", – адзначыў кіраўнік прэс-службы ДМК.
Згодна з ацэнкай А.Цішчанкі, памежнікам і мытнікам спатрэбіцца да трох сутак, каб памежныя пераходы запрацавалі ў звычайным рэжыме. "Напрыклад на "Брузгах" сёння стаіць 40 машын, гэта 2-3 км", – дадаў ён.
Як паведаміў "Інтэрфаксу" начальнік службы грузавой працы і знешнеэканамічнай дзейнасці Беларускай чыгункі Аляксандр Станкевіч, увечары ў панядзелак польскія мытнікі, якія працуюць на чыгуначных пунктах пропуску, прынялі рашэнне аб аднаўленні працы. "Увечары ў панядзелак, пасля сустрэчы з кіраўніцтвам краіны, мытнікі паабяцалі выйсці на працу ў аўторак, і сёння яны выканалі сваё абяцанне", – сказаў А.Станкевіч.
"У панядзелак на пункце пропуску Брузгі-Кузніца польскім бокам былі недапрынятыя 85 грузавых вагонаў. Усе гэтыя вагоны сёння адпраўленыя па прызначэнні, бо пункт пропуску запрацаваў", – сказаў А.Станкевіч. Ён дадаў, што "па іншых пунктах пропуску на чыгунцы сёння няма ніякіх праблем, сітуацыя штатная, як і ў панядзелак".
Паводле яго слоў, пасажырскія перавозкі здзяйсняюцца ў звычайным рэжыме.