BE RU EN

Вырасла экспартная пошліна на нафту

  • 31.01.2008, 12:37

Стаўка экспартнай пошліны на сырую нафту ў Беларусі з 1 лютага павялічваецца з $275,4 да $333,8 за тону. Адпаведнае рашэнне змешчанае ў пастанове Савета Міністраў №125 ад 30 студзеня гэтага года.

Як растлумачылі карэспандэнту БелТА ў МЗС Беларусі, памер пошліны адкарэктаваны ў сувязі з аналагічным падвышэннем экспартнай пошліны на нафту з 1 лютага ў Расейскай Федэрацыі. Да ўзроўню расейскіх павялічаныя з 1 лютага і экспартныя пошліны на нафтапрадукты.

Так, пошліна на светлыя нафтапрадукты (лёгкія і сярэднія дыстыляты, газойлі, звадкаваныя газы, бензол, талуол, ксілолы) складзе $237,2 за 1 тону супраць ранейшых $197,8. На цёмныя нафтапрадукты (алеі, адпрацаваныя нафтапрадукты, мінеральныя воскі, кокс нафтавы, бітум нафтавы і іншыя астаткі нафтаперапрацоўкі) – $127,8 за 1 тону (ранейшая стаўка – $106,6).

Паводле беларуска-расейскіх дамоўленасцяў пошліна на нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь з Расеі, у 2008 годзе будзе разлічвацца з ужываннем каэфіцыента 0,335. У 2007 годзе дадзены каэфіцыент складаў 0,293.

Апошнія навіны