Не на той адрас
- 8.01.2008, 14:47
Сустаршыні Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сіл атрымалі ад намесьніцы кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальлі Пяткевіч адказ на свой зварот. Апазыцыянэры прапаноўвалі правесьці непасрэдныя перамовы паміж адміністрацыяй Аляксандра Лукашэнкі і Палітрадай АДС, каб стварыць умовы для правядзеньня выбараў, легітымнасьць якіх ня будзе аспрэчвацца ні ў самой краіне, ні за яе межамі.
Сустаршыня Палітрады АДС Анатоль Лябедзька кажа, што ў лісьце яны прапанавалі Адміністрацыі прэзыдэнта абмеркаваць два пытаньні: выбарчае заканадаўства і практыку яго ўжываньня. Яны лічаць, што гэта было б адначасова і вырашэньне пэўных праблемаў, і пачатак дыялёгу ўлады і апазыцыі.
Сутнасьць адказу намесьніцы кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі зьвялася да таго, што адміністрацыя не займаецца арганізацыяй і правядзеньнем выбарчай кампаніі. “Гэта вельмі дзіўна, таму што кіраўнік дзяржавы зьяўляецца адным з суб’ектаў заканадаўчай ініцыятывы. І значная частка, калі не пераважная бальшыня таго, што ўносіцца ў “палату прадстаўнікоў”, сыходзіць ад Лукашэнкі. Але Пяткевіч кажа, што гэта ня іх справа, што яны не займаюцца правядзеньнем выбарчых кампаніяў. Але ж разам з тым яны выступаюць за тое, каб у Беларусі праходзілі вольныя, справядлівыя выбары”, -- паведаміў палітык “Радыё Свабода”.