BE RU EN

Саакашвілі перамог на выбарах прэзідэнта Грузіі

  • 9.01.2008, 8:36

На датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах 5 студзеня перамогу атрымаў экс-прэзідэнт Міхаіл Саакашвілі, заявіў старшыня Цэнтрвыбаркама Грузіі Леван Тархнішвілі на прэс-канферэнцыі ў сераду.

Вынікі падліку галасоў на 3424 з 3512 выбарчых участкаў (98,8 працэнта), апублікаваныя ЦВК Грузіі ў аўторак позна ўвечары, паказваюць, што Міхаіл Саакашвілі набраў 52,21 працэнта галасоў выбаршчыкаў.

Для перавыбрання на пасаду прэзідэнта Грузіі ў першым туры, Саакашвілі было неабходна атрымаць не менш як 50 працэнтаў галасоў плюс адзін голас. ЦВК засталося апрацаваць яшчэ бюлетэні з 1,2 працэнта выбарчых участкаў, аднак атрыманыя вынікі ўжо не здолеюць паўплываць на сітуацыю.

Найбліжэйшы супернік Саакашвілі – кандыдат ад "аб'яднанай апазіцыі" Леван Гачачыладзэ, паводле дадзеных ЦВК на позні вечар аўторка, набраў 25,26 працэнта галасоў выбаршчыкаў. Трэцяе месца займае бізнэсмэн Бадры Патаркацішвілі – 6,99 працэнта галасоў, чацвёртае – Шалва Нацелашвілі – 6,42 працэнта.

Грузінская апазіцыя, не чакаючы заканчэння падліку бюлетэняў, абвясціла, што вынікі выбараў фальсіфікаваныя, і паабяцала правесці масавыя акцыі пратэсту.

Леван Гачачыладзэ ў сераду, а 14 гадзіне па мясцовым часе, пачынае галадоўку ля будынка Грамадскага тэлебачання краіны, патрабуючы другога тура прэзідэнцкіх выбараў, паведамілі ў выбарчым штабе кандыдата.

"Кандыдат ад аб'яднанай апазіцыі патрабуе другога тура прэзідэнцкіх выбараў і простага эфіру грузінскіх тэлекампаній", – сказаў супрацоўнік прэс-службы Кансерватыўнай партыі, якая ўваходзіць у аб'яднаную апазіцыю. Паводле яго слоў, магчыма, да галадоўкі далучыцца брат кандыдата ў прэзідэнты, спявак Георгій Гачачыладзэ.

Левана Гачачыладзэ падтрымала сталіца – тут ён апярэдзіў Саакашвілі амаль па ўсіх выбарчых акругах, на некаторых набраўшы амаль 50% галасоў. Кардынальна іншая сітуацыя ў рэгіёнах краіны, дзе разрыў паміж кандыдатамі быў на карысць Саакашвілі з вельмі вялікім адрывам.

Як паведамілі ў ЦВК Грузіі, працягваецца падлік бюлетэняў выбаршчыкаў, якія апынуліся ў дадатковых спісах на выбарчых участках. Канчатковыя вынікі апублікуюць да 13 студзеня.

Апошнія навіны