BE RU EN

Расея можа даць танны газ толькі наўзамен незалежнасці

  • 9.01.2008, 11:16

Сярэдняя цана на газ для Беларусі ў 2008 годзе складзе 125 даляраў, сцвярджае штотыднёвік «Белорусский рынок», спасылаючыся на свае крыніцы ў двух профільных беларускіх міністэрствах. Эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што Расея гатовая саступіць у пытанні цаны на газ наўзамен поўнага паглынання фінансавай сістэмы Беларусі, але ў выніку гэта прывядзе і да страты незалежнасці краіны.

Паводле дадзеных штотыднёвіка, на фінішы 2007 года беларускі бок вёў інтэнсіўныя перамовы з прадстаўнікамі расейскага ўрада ў надзеі зафіксаваць цану на 2009–2010 гады. Пакуль поспехам перамовы не ўвянчаліся. Аднак мяркуюць, што яны будуць працягнутыя напрыканцы студзеня.

Кіраўнік навукова-даследчага Цэнтра Мізэса эканаміст Яраслаў Раманчук вельмі скептычна ставіцца да дадзенай інфармацыі. Пры гэтым ён спасылаецца на свае крыніцы ў расейскім урадзе.

«Цана на расейскі газ для Беларусі ў 2008 годзе сапраўды ўжо вызначаная, але, паводле маёй інфармацыі, гэта 135 даляраў за тысячу кубаметраў – у другім квартале і 165 даляраў – у трэцім», – заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 Яраслаў Раманчук.

Праўда, эксперт падкрэсліў, што ў выпадку з Беларуссю пытанне цаны на газ – гэта пытанне палітычнае. «Усё залежыць ад таго, як бакі дамовяцца, напрыклад, па так званым «канстытуцыйным акце». Асабіста я не веру ў тое, што ён усё ж будзе падпісаны. Таму лічу, што для Расеі на сёння галоўнае – гэта фінансавая экспансія, паглынанне беларускай фінансавай сістэмы. Адгэтуль і вялізны крэдыт напрыканцы мінулага года, і абяцанне яшчэ большага сёлета. Нас задобрываюць, каб канчаткова «закабаліць». Дзеля гэтай глабальнай мэты Расея гатовая саступіць у цане на газ», – лічыць эканаміст.

Апошнія навіны