Гайдукевіч знішчыў 100 сцягоў Еўразвяза
- 9.01.2008, 21:21
Дэмакратычны актывіст Зміцер Бародка атрымаў адказ з Партызанскага РУУС на сваю скаргу з нагоды канфіскацыі супрацоўнікамі міліцыі 100 сцягоў Еўразвяза, якія належалі яму.
У лісце, падпісаным намесьнікам начальніка УУС Партызанскага раёна Менска А.С. Гайдукевічам, паведамляецца: «Ваша заява разгледжаная, праверка па ёй спыненая, атрыбутыка, канфіскаваная па адрасе …., была знішчаная. У выпадку нязгоды з прынятым рашэннем Вы маеце права звярнуцца ў суд».
Сцягі Еўрапейскага Звязу былі канфіскаваныя ў кастрычніку мінулага года напярэдадні Еўрапейскага Маршу з кватэры сябра Змітра Бародкі, актывіста апазіцыі Леаніда Навіцкага. І Зміцер Бародка, і Леанід Навіцкі былі арыштаваныя і правялі 15 сутак у спецпрыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна.
Зміцер Бародка мае намер абскардзіць дзеянні супрацоўнікаў Партызанскага РУУС Менска ў судзе.
«Я збіраюся падаць у суд скаргу на дзеянні міліцыянтаў, якія знішчалі сцягі Еўразвяза. На якой падставе яны знішчаюць еўрапейскую сімволіку? З аднаго боку ўлады збіраюцца наладжваць стасункі з Еўразвязам, і ў той самы час знішчаюць сцягі ЕЗ. Гэта акт дзяржаўнага вандалізму», – заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 Зміцер Бародка.