Уладзімір Лабковіч: «Партыю БНФ могуць закрыць за няправільна пастаўленую коску»
- 1.10.2008, 17:57
Прэтэнзіі Мінюста да апазіцыйных партый могуць прывесці да сур'ёзных наступстваў.
Партыя БНФ, Аб'яднаная грамадзянская партыя, Партыя камуністаў Беларуская атрымалі ліст Міністэрства юстыцыі, у якім чыноўнікі просяць іх растлумачыць удзел у вулічнай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў «парламенцкіх выбараў» 28 верасня.
Адказны сакратар Партыі БНФ, юрыст Уладзімір Лабковіч лічыць, што да звароту Мінюста трэба ставіцца са ўсёй сур'ёзнасцю:
"У нас можна закрыць партыю за няправільна пастаўленую коску на працягу двух тыдняў, маючы тую судовую сістэму і такое Міністэрства юстыцыі, якія мы маем", -- заявіў ён у інтэрв'ю «Еўрарадыё».
Лабковіч кажа, што ўлады могуць пайсці на знішчэнне палітычных партый - "апошняй легальнай нішы, якая ёсць у краіне". Для гэтага, па ягоным меркаванні, могуць быць выкарыстаныя самыя разнастайныя падставы:
"Я не выключаю, што гэта працяг пастаяннага ціску на палітычныя партыі. Пэўна гэты выпадак можа выліцца ў папярэджанне, а можа перарасці і ў перапыненне дзейнасці палітычных партый. Або нават у іх ліквідацыю", -- лічыць Лабковіч.
Нагадаем, што раней Мінюст цікавіўся законнасцю вывешвання бел-чырвона-белага сцяга на будынку, дзе размешчаны офіс Партыі БНФ, і справа гэта можа таксама быць паднятая ў любы момант.