З былога палітвязня Аляксандра Казуліна не знятая судзімасць
- 10.10.2008, 9:05
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі аспрэчвае сцвярджэнні некаторых чыноўнікаў, што з былога палітвязня Аляксандра Казуліна, які адбываў арышт за арганізацыю мірных акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, знятая судзімасць.
- Указам прэзідэнта Казуліна вызвалілі ад адбывання пакарання, але гэта зусім не азначае, што з яго знятая судзімасць, - распавёў “КП в Беларуси” в.а. начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Алег Слепчанка. - У акце памілавання нічога не гаварылася аб вызваленні ад судзімасці.
У прэс-службе МУС адзначылі: памілаванне і датэрміновае вызваленне не кажа аб тым, што Казулін цалкам апраўданы. Такім чынам, Казулін не зможа балатавацца на наступных прэзідэнцкіх выбарах, бо з яго не знятая судзімасць.
Аднак, паводле артыкула 96 ч.2 Крымінальнага кодэкса РБ, Казулін можа разлічваць на зняцце судзімасці: «На падставе акту памілавання асоба, асуджаная за злачынства, можа быць цалкам або часткова вызваленая ад пакарання як асноўнага, так і дадатковага, альбо вызваленая ад пакарання ўмоўна, альбо такой асобе неадбытая частка пакарання можа быць замененая мякчэйшым пакараннем, альбо яму можа быць знятая судзімасць». Праўда, каб гэта зрабіць, прэзідэнт павінен падпісаць яшчэ адзін указ.
Затое былы кандыдат у прэзідэнты бесперашкодна можа выязджаць за мяжу.
- Яго няма ў спісах невыязных, таму што ў дадзены момант ён не знаходзіцца пад следствам і не мае ніякіх абавязанняў перад дзяржавай, - удакладніў Алег Слепчанка.
Нагадаем, Аляксандр Казулін 13 ліпеня 2006 года быў прысуджаны Менскім судом да 5,5 года турэмнага зняволення за арганізацыю мірных акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, а 16 жніўня 2008 года быў вызвалены.