BE RU EN

Падазраваны ў дачыненні да выбуху ў Менску вызвалены

  • 10.10.2008, 13:01

Затрыманы 30 верасня па падазрэнні ў дачыненні да выбуху ў Менску 21-гадовы Аляксандр Корык 10 кастрычніка адпушчаны з цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў.

Нагадаем, А.Корык — ураджэнец Бярэзінскага раёна Менскай вобласці, некаторы час навучаўся ў Менскім дзяржаўным вышэйшым радыетэхнічным каледжы. У пачатку верасня ён сам звярнуўся ў міліцыю і паведаміў аб выпадку, які адбыўся з ім за адзін-два тыдні да падзей на святкаванні Дня незалежнасці ў Менску.

Улетку А.Корык працаваў мерчандайзерам у кампаніі "Владпрадімпарт" (звольніўся ў сярэдзіне верасня), якая пастаўляе ў Беларусь у тым ліку і сок "Садочак", які фігуруе ў справе аб выбуху. Аднойчы, вяртаючыся дадому пасля выкладкі тавара ў гіпермаркеце "Гіппа", на прыпынку з просьбай запаліць да яго звярнуліся невядомыя маладыя людзі, стан якіх ён расцаніў як неадэкватны. Як быццам бы ў якасці падзякі за некалькі цыгарэт яны параілі незнаёмаму з'яжджаць з горада, паколькі будуць падрываць Менск.

Як распавёў БелаПАН А.Корык, перад вхадам з цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў ён падпісаў паперы аб невыдаванні тайны следствы, падпіску аб нявыяедзе і пратакол аб вызваленні. Копіі гэтых дакументаў малады чалавек не атрымаў, і цяпер яму няма чым апраўдаць сваю адсутнасць на працы.

Паколькі А.Корык даў падпіску аб невыдаванні, прыводзім толькі адзін факт: за ўсе 10 сутак знаходжання ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў яго дапытвалі ўсяго адзін раз на працягу прыкладна пяці хвілін.

Як раней паведаміў БелаПАН Аляксандр Гузаў, сябар А.Корыка, пасля затрымання маладога чалавека ў кватэры, якую яны здымалі, быў здзейснены ператрус. Па словах А.Гузава, тады панятым было сказана, што падобныя дзеянні праводзяцца ў сувязі з магчымым дачыненнем затрыманага да выбуху 4 ліпеня.

2 кастрычніка самога А.Гузава дапыталі ў следчым упраўленні ГУУС Менгарвыканкама. Там ён распавёў аб тым, дзе быў сам і А.Корык 2 ,3 ,4 ліпеня, аб тым, што сябар не разбіраецца ў хіміі і радыётэхніцы.

Апошнія навіны