BE RU EN

Рэзка даражэюць лекі

  • 10.10.2008, 15:44

Канцэрн "Белбіяфарм" узгадніў з Мінэканомікі павелічэнне рознічных коштаў на 64 найменні беларускіх медпрэпаратаў, паведаміў на прэс-канферэнцыі старшыня канцэрна "Белбіяфарм" Міхаіл Чарапок.

"Вядзецца праца з Мінэканомікі па выпраўленні сітуацыі з коштамі. Па 64 пазіцыях будуць падвышаныя кошты. У выніку па 36 пазіцыях фармпрадпрыемствы выйдуць на бясстратную працу", - сказаў М.Чарапок.

Паводле яго словаў, да прыняцця рашэння аб падвышэнні коштаў стратным быў выпуск 138 з 550 найменняў лекавых сродкаў, якія вырабляюцца прадпрыемствамі канцэрна.

Неабходнасць падвышэння коштаў на лекавыя сродкі ён тлумачыць рэзкім павелічэннем кошту імпартных субстанцыяў, з якіх вырабляюцца медпрэпараты. "Мы ж ўвозім субстанцыю, яна даражэе ў разы і тут катастрофа", - заявіў М.Чарапок. У прыватнасці, ён сцвярджае, што кошт імпарту кітайскіх субстанцыяў пасля Алімпіяды вырас ў 2 разы, паколькі перад яе правядзеннем была скарочаная колькасць вытворцаў.

Паводле яго словаў, негатыўна на эфектыўнасці гаспадарчай дзейнасці беларускіх фармпрадпрыемстваў таксама адбіваецца рост кошту энерганосьбітаў.

"Не мець запасу па рэнтабельнасці - гэта значыць заўтра праваліцца", - заявіў кіраўнік канцэрна, дадаўшы, што цяпер рэнтабельнасць вытворчасці на прадпрыемствах Белбіяфарма складае 19,5%.

"Міністэрства аховы здароўя падтрымлівае пазіцыю канцэрна "Белбіяфарм", - дадаў ён.

Да канца 2010 года прадпрыемствы канцэрна "Белбіяфарм" павінны павялічыць колькасць найменняў лекавых сродкаў, якія вырабляюцца, да 700.

Апошнія навіны