BE RU EN

Украінскі палітык Віталь Клічко вярнуў званне чэмпіёна свету па боксе

  • 13.10.2008, 10:42

Украінскі баксёр-цяжкавагавік Віталь Клічко перамог нігерыйца Сэмюэла Пітэра і стаў чэмпіёнам свету па версіі WBC (Сусветная баксёрская рада).

Пасля васьмі раўндаў бою, які адбыўся ў Берліне, Пітэр адмовіўся ад працягу барацьбы. Клічко валодаў прыкметнай перавагай на працягу ўсяго спаборніцтва.

Пасля восьмага раўнда Пітэр і ягоныя секунданты вырашылі адмовіцца ад працягу спаборніцтва. Такім чынам, Клічко была прысуджаная перамога тэхнічным накаўтам, і ён адабраў у нігерыйца званне чэмпіёна свету па версіі WBC.

Сам Клічко валодаў гэтым тытулам з красавіка 2004 па снежань 2005 года, калі ён абвясціў аб сыходзе са спорту. WBC прысвоіў украінцу званне "ганаровага чэмпіёна" і даў яму магчымасць у выпадку вяртання на рынг сустрэцца з дзейсным чэмпіёнам. Пітэр заваяваў тытул WBC 8 сакавіка 2008 года, накаўтаваўшы Алега Маскаева.

Пасля бою з Пітэрам на рахунку Клічко стала 36 перамог (35 - накаўтам) і 2 паразы. Нігерыец атрымаў на прафесійным рынгу 30 перамог (23 - накаўтам) і пацярпеў 2 паразы. У верасні 2005 года Пітэр прайграў па ачках Уладзіміру Клічко - малодшаму брату Віталя.

Адзначым, што пасля перамогі Віталя Клічко над Пітэрам у прафесійным боксе ўпершыню ў гісторыі склалася сітуацыя, калі тытуламі чэмпіёна свету ў цяжкай вазе па версіях розных арганізацый валодаюць родныя браты. У цяперашні час Уладзімір Клічко з'яўляецца чэмпіёнам па версіях IBF (Міжнародная федэрацыя бокса) і WBO (Сусветная баксёрская арганізацыя).

Апошнія навіны