BE RU EN

Улады «адрэгулююць» інтэрнэт-СМІ да канца лістапада

  • 13.10.2008, 11:32

Праект пастановы Савета міністраў аб рэгуляванні інтэрнэт-СМІ можа з'явіцца да канца лістапада 2008 года.

Аб гэтым заявіў Павел Качан, прадстаўнік Міністэрства інфармацыі Беларусі, на канферэнцыі «Дзелавы інтэрнэт» падчас круглага стала «Інтэрнэт-СМІ: новыя ўмовы існавання». Па словах прадстаўніка Мінінфарма, створаная працоўная група па распрацоўцы пастановы. Пры гэтым Качан адмовіўся назваць склад групы.

Па словах Паўла Качана блогі, форумы і прыватныя праекты не будуць аднесеныя да СМІ. На пытанне Electroname.com, чым блогі адрозніваюцца ад інтэрнэт-газет або інфармацыйных сайтаў, прадстаўнік Мінінфарма выразнага адказу не даў.

Да асобных інтэрнэт-СМІ, якія неабходна рэгістраваць, таксама не будуць аднесеныя інтэрнэт-праекты афлайнавых СМІ у выпадку, калі інтэрнэт-версія "не моцна" адрозніваецца ад афлайн-версіі.

Нагадаем, у жніўні 2008 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў новы закон «Аб сродках масавай інфармацыі», які ўпершыню адносіць Інтэрнэт да сродкаў масавай інфармацыі. Рэгуляванне дзейнасці інтэрнэт-СМІ паводле Закона аднесенае да кампетэнцыі Савета Міністраў.

Апошнія навіны