ЕЗ пусціць «Газпром» у свае энергасеткі
- 14.10.2008, 14:01
Еўразвяз прыняў рашэнне лібералізавать свой энергетычны рынак. Міністры энергетыкі краінаў ЕЗ палічылі, што ўлады кожнай з 27 еўрапейскіх дзяржаваў будуць самастойна прымаць рашэнне аб доступе замежных інвестараў, такіх як "Газпром", на свае энергетычныя рынкі, паведамляе ў аўторак РБК Daily са спасылкай на бельгійскія СМІ.
У пятніцу на паседжанні ў Люксембурзе міністры энергетыкі 27 краінаў ЕЗ падтрымалі так званы трэці энергетычны пакет у значна мякчэйшым варыянце, чым пададзены Еўракамісіяй у верасні 2007 года, перадае NEWSru.com.
Сутнасць ранейшых прапановаў зводзілася да адасаблення здабычы газу і нафты (вытворчасці электраэнергіі) ад іх транспартоўкі. Супраць праекту выступалі ўсе буйныя энергаканцэрны Еўропы, акрамя таго, ён істотна абмяжоўваў магчымасці пашырэння бізнэсу "Газпрома" у Еўразвязе. Пад ціскам Нямеччыны і Францыі (забяспечаныя расейскім газам на 40% і 15% адпаведна) у дакумент былі ўнесеныя карэктывы, піша "Коммерсант" .
На думку экспертаў, зараз у "Газпрома" будзе больш магчымасцяў для ўмацавання адносінаў з наяўнымі саюзнікамі і пашырэння сваёй прысутнасці ў энергетычным сектары ЕЗ.
Раней Еўрапейская камісія мела намер ўвесці агульныя для ўсяго Еўразвяза правілы па абмежаванні доступу замежных кампаніяў у энергетычны сектар ЕЗ, у прыватнасці ў сеткі па транспартоўцы газу і электраэнергіі. Такая мера расцэньвалася як спроба паменшыць узрослы уплыў "Газпрома".
Зараз міністры энергетыкі краінаў ЕЗ толькі ўзгаднілі антыманапольныя меры, якія не дазволяць буйным еўрапейскім карпарацыям паглынаць энергакампаніі ў краінах, якія вырашылі адкрыць свае рынкі для замежных інвестыцыяў. "Трэці энергетычны пакет" павінен будзе ўхваліць Еўрапарламент. Чакаецца, што гэта адбудзецца ў 2009 годзе.
Для "Газпрома" навіна аб тым, што рашэнне аб допуску інвестараў будуць прымаць краіны-чальцы ЕЗ самастойна, вельмі пазітыўная, упэўнены дырэктар дэпартамента Due Diligence НКГ "2К Аўдыт - Дзелавыя кансультацыі" Аляксандр Шток. Зараз у яго будзе больш магчымасцяў для ўмацавання адносінаў з наяўнымі саюзнікамі і пашырэння сваёй прысутнасці ў энергетычным сектары Еўропы.
У прынцыпе, на думку Штока, такое рашэнне ЕЗ досыць лагічнае. Нягледзячы на тое, што Еўразвяз часта выступае адзіным фронтам, па многіх пытаннях пазіцыі краінаў-чальцоў ЕЗ кардынальна разыходзяцца, адзначае эксперт. Калі б ЕЗ вёў агульную палітыку, гэта зрабіла б ўсю сістэму вельмі непаваротлівай і шмат у якіх выпадках неэфектыўнай.
На думку гендырэктара кансалтынгавай кампаніі East European Gas Analysis Міхаіла Карчомкіна, у гэтым выпадку "Газпром" можа выйграць на самых вялікіх рынках ЕЗ - Нямеччыны, Італіі, Францыі - і прайграць у іншых краінах.
Хутчэй за ўсё, вялікія краіны ўвядуць законы мякчэйшыя, чым Газавая дырэктыва ЕЗ, а маленькія - больш жорсткія. Напрыклад, у краінах Балтыі расейскай манаполіі прыйдзецца сысці з саветаў дырэктараў усіх газавых кампаніяў, хоць "Газпром" і валодае ў іх долямі. Аднак у цэлым плюсаў для холдынгу больш. А вось рашэнне абмежаваць кіраванне энергасеткамі для "Газпрома" можа стаць праблемай.