BE RU EN

Беларусь збіраецца выкарыстоўваць расейскі ядзерны рэактар на АЭС

  • 15.10.2008, 12:44

Беларусь гатовая абраць ядзерны рэактар расейскай кампаніі «Атамбудэкспарт». Прапанова Расеі здаецца беларускім уладам найбольш пераважнай.

Аб гэтым паведаміў БелТА намеснік генеральнага дырэктара Аб'яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў "Сосны" НАН Беларусі Мікалай Груша сёння на Беларускім энергетычным і экалагічным форуме ў Менску.

Ён адзначыў, што Беларусь "дбайна выбірае праект ядзернага рэактара падвышанай надзейнасці і бяспекі". Найбольш бяспечнымі ў цяперашні час з'яўляюцца вода-вадзяныя рэактары ВВЭР. З 439 энергаблокаў, існуючых у свеце, больш за 70% адносяцца да гэтага тыпу рэактара. Большасць краін (Кітай, Індыя) арыентуюцца менавіта на яго. Для Беларусі найбольш перспектыўнымі з'яўляюцца ядзерныя рэактары трэцяга пакалення, якія маюць падвышаную энергабяспечнасць.

Мікалай Груша назваў тры кампаніі, якія вырабляюць рэактары трэцяга пакалення: япона-амерыканская "Вестынгхаўс-Тошыба", франка-германская AREVA і расейская "Атамбудэкспарт". Беларусь лічыць найбольш перспектыўным праект з расейскай кампаніяй.

"Гэта абумоўленае структурай генеравальных магутнасцяў, якая склалася ў Беларусі. Магутнасць аднаго энергаблока будзе складаць па 1 тыс. МВт", - сказаў Мікалай Груша.

Увогуле, па словах Грушы, асноўная канкурэнтная барацьба за права будаўніцтва АЭС у Беларусі разгорнецца паміж расейскім Атамбудэкспартам і кітайскай Гуандунскай ядзерна-энергетычнай карпарацыяй.

Ён нагадаў, што Гуандунская ядзерна-энергетычная карпарацыя даслала ў Беларусь свае прапановы па будаўніцтве АЭС ужо пасля таго, як у жніўні паступілі прапановы ад трох сусветных лідэраў у гэтай сферы - Westinghouse-Toshiba, Areva і Атамбудэкспарт.

"Кітайскі праект патрабуе дадатковага вывучэння", - сказаў М.Груша. Пры гэтым ён адзначыў, што прапановы кітайскага боку адпавядаюць патрабаванням Беларусі па тыпе рэактара - ВВР трэцяга пакалення магутнасцю 1 тыс. МВт.

Апошнія навіны