Ура, лібэралізацыя!
- 15.10.2008, 13:16
Еўразвяз убачыў у Беларусі нейкія прыкметы «лібералізацыі» і адмяніў візавыя санкцыі супраць чыноўнікаў. «Свабодны тэатар» чакае запрашэння паставіць свае спектаклі ў Палацы рэспублікі.
Кіраўнік “Свабоднага тэатра” Мікалай Халезін разважае ў інтэрв’ю “Радыё Свабода” пра так званую "лібэралізацыю" беларускага рэжыму:
-- Эўразьвяз адмяніў санкцыі, прынятыя некалі для беларускага вышэйшага чынавенства. Калі такія ўплывовыя структуры ідуць на падобны крок, мусіць быць дужа грунтоўная прычына.
Магчыма, эўрапейцаў падштурхнула лібэралізацыя, пільна разгледжаная імі ў нашай краіне. І я вырашыў у зьвязку з гэтым зрабіць наступнае.
Па-першае, сёньня, у сераду, я апрану свой лепшы касьцюм, выйду на вуліцу і даеду да міністэрства юстыцыі. Там пакладу на стол нейкаму чыноўніку заяву аб рэгістрацыі "Свабоднага тэатра", і, вядома ж, яго зарэгіструюць.
Пасьля, шчасьлівы, я зайду ў Палац рэспублікі, каб замовіць там пляцоўку – сыграць “Пакаленьне Джынс” ці “Зону маўчаньня” на гэтай прэстыжнай сцэне.
А яшчэ лепш – мы дамовімся аб паказе ў менскіх школах спэктакля “Спасьцігаючы каханьне”, дзе ідзе размова пра зьніклых у Беларусі палітыках і журналісце.
Ну а потым можна ўжо ўключыць тэлевізію ці радыё. Каб паслухаць добрыя навіны. Тыя, якія чакаем ужо 14 гадоў. Якія адбываюцца ва ўсім сьвеце, апрача нас.
Калі ж, дзякуй Богу, лібэралізацыя прасунецца і далей, то, можа, і "Радыё Свабода" пачне гучаць у эфіры на FM-хвалях…
…Вось гэтага я чакаю ад адмены санкцыяў Эўразьвязу. І, можа, так яно ўсё і адбудзецца.
Ну а калі не – тады Эўразьвяз зрабіў нешта ня тое...