Ангельскія фанаты вышлі на вуліцы Менска напярэдадні матчу Беларусь-Англія (Фота, відэа)
- 15.10.2008, 17:08
Сёння да ўніверсама «Цэнтральны» побач з Кастрычніцкай плошчай Менска вышлі ангельскія футбольныя фанаты з нацыянальнымі сцягамі і сцягамі іх каманды.
За правапарадкам сочаць ангельскія паліцыянты, якія спецыяльна прыляцелі ў Менск на матч Беларусь-Англія, які адбудзецца сёння на менскім стадыёне «Дынама».
На футбольны матч адборачнага турніру чэмпіянату свету-2010 Беларусь — Англія ў Менск ужо прыляцелі каля двух тысячаў ангельскіх заўзятараў.
Усе квіткі на гульню прададзеныя. Усяго чакаецца да 3 тыс. ангельскіх прыхільнікаў футбола. Больш за ўсё заўзятараў прыляцелі ў Менск чартарнымі рэйсамі. Ужо адбылося пяць такіх рэйсаў, яшчэ адзін будзе сёння. Акрамя таго, заўзятары дабіраюцца ў Менск аўтобусамі з Вільні, куды яны прылятаюць прамымі рэйсамі, а таксама цягнікамі з Варшавы.