У Беларусь прыехалі больш з 100 брытанскіх журналістаў (Фота)
- 15.10.2008, 17:28
Больш за сотню брытанскіх журналістаў прыехалі ў Беларусь, каб асвятляць 15 кастрычніка адборачны матч чэмпіянату свету — 2010 па футболе паміж нацыянальнымі зборнымі Беларусі і Англіі.
І гэта не толькі спецыялізаваныя спартовыя выданні, — паведаміў прэс-службе ГА «БАЖ» амбасадар Аб’яднанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Беларусі Найджэл Гулд-Дэвіс.
Разам з трыма дзесяткамі футбольных заўзятараў і журналістаў ён сёння раніцай браў удзел у цырымоніі ўскладання кветак да помніка на плошчы Перамогі. Гэта сімвалічная акцыя мела на мэце ўшанаваць памяць тых, хто загінуў у гады Другой сусветнай вайны, і засведчыць гатовасць не дапусціць паўтарэння трагічных падзей.
Нагадаем, што напярэдадні матчу міжнародная журналісцкая арганізацыя «Сетка журналістаў у выгнанні» даслала ў рэдакцыі брытанскіх выданняў прэс-рэліз з прапановай выкарыстаць паездку ў Беларусь не толькі для асвятлення матчу, але і для вывучэння сітуацыі са свабодай слова ў нашай краіне.
З адпаведнай прапановай выступіў на нядаўняй сустрэчы групы прадстаўнікоў БАЖ у Палаце лордаў Вялікабрытаніі Еўрапейскі дырэктар Міжнароднай федэрацыі журналістаў Марк Грубер. Ён звярнуў увагу на тое, што публікацый на спартовую тэматыку ў еўрапейскай прэсе значна больш, чым пра парламенцкія выбары. «У Пекіне журналісты таксама пісалі на тэму правоў чалавека. Журналісты могуць скантактавацца з БАЖ, калі яны будуць у Мінску, і даведацца, якое складанае жыццё ў незалежных журналістаў», — зазначыў М. Грубер. Гэткую прапанову падтрымала большасць прысутных на сустрэчы — у тым ліку старшыня падкамітэту па СМІ Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы лорд Макінтош.