BE RU EN

ЧС-2010. Беларусь - Англія. Бэрнд Штанге: «Шанец ёсць заўсёды»

  • 15.10.2008, 18:11

Сёння ўпершыню ў гісторыі памераюцца сіламі футбалісты нацыянальных зборных Беларусі і Англіі. Гэты адборачны матч чэмпіянату свету пройдзе ў Менску, на стадыёне "Дынама", і пачнецца ў 21.30. Судзяць сустрэчу нарвежцы Тэр'е Хаўге, Гейр-Огэ Холен, Ян-Петэр Рандэн, рэзервовы - Свейн-Одвар Моен. Камісар - бельгіец Фернанд Мяесе, інспектар - гішпанец Хуан Антоніа Фернандэс Марын.

Беларуская дружына прыляцела ў Менск з тыднёвага збору ў нямецкім Руйтэ толькі ўчора ў 15.00. З аэрапорта яна адправілася ў Раўбічы, дзе размясцілася ў гатэлі Нацыянальнага банка, а ўвечары правяла трэніроўку на стадыёне "Дынама".

Пасля вяртання нашай каманды дадому карэспандэнт "ПРЭСБОЛ" узяў экспрэс-інтэрв'ю ў яе галоўнага трэнера Бэрнда ШТАНГЕ.

- Бэрнд, ці ёсць у зборнай навіны?

- Не. Па-ранейшаму нічога не зразумела з Радзівонавым, траўма якога, на жаль, усё яшчэ дае аб сабе ведаць. Усе астатнія хлопцы здаровыя і прыляцелі ў Менск у добрым настроі. Што датычыць Аляксандра Глеба, дык яго ў камандзе няма.

- У цэлым вынікамі збору ў Руйтэ вы задаволеныя?

- Так, мы плённа папрацавалі ў спакойнай атмасферы, ніхто нам не перашкаджаў. Хоць магу зразумець хлопцаў: шмат хто гуляе за мяжой - удалечыні ад Беларусі. Яны рэдка бываюць дома і таму аддалі б перавагу застацца ў Менску. Але, як я ўжо казаў, на радзіме вакол каманды мог узнікнуць нездаровы ажыятаж. Каля гульцоў круціліся б сваякі, агенты, журналісты, і гэта аказала бы негатыўны ўплыў на канцэнтрацыю, перашкодзіла правесці паўнавартасную падрыхтоўку.

- Гэта значыць футбалісты скардзіліся, што прыйшлося ляцець у Нямеччыну?

- У гутарках са мной ніхто нічога не казаў. Але, наколькі мне вядома, у шэрагу інтэрв'ю футбалісты выяўлялі незадаволенасць. Што ж, я іх не асуджаю: у нас дэмакратыя, і кожны вольны выказваць сваё меркаванне. Але рашэнне ў выніку прымаць мне, і я павінен быць паслядоўным. Не магу сёння казаць адно, а заўтра іншае. Хто будзе ісці праз лес за правадніком, які не ведае дарогі? Правільна, ніхто. Але гэта не значыць, што зборная будзе трэніравацца ў Нямеччыне перад кожным матчам. Плануем выязджаць на такія зборы толькі ў асобных выпадках.

- Калі вы вызначыце стартавы склад?

- Мабыць, у апошні момант. Няпэўнасці дадае сітуацыя з Радзівонавым. Не сакрэт, што пасля серыі ўдалых матчаў Віталя я планаваў паставіць яго на гульню з ангельцамі. Але, на жаль, футбаліст траўміраваўся, а ён патрэбен нам толькі гатовым на сто адсоткаў. Хворы локаць пагоршыць яго каардынацыю рухаў, перашкодзіць ваяваць у адзінаборствах. Так што пажывем - пабачым. Я настроены аптымістычна і веру ў тое, што ў сераду нам атрымаецца падарыць свята заўзятарам. Так, ангельцы моцныя, яны забілі дзевяць мячоў у двух апошніх паядынках. Але шанец ёсць заўсёды, так што паспрабуем ім скарыстацца. Веру, што ўсё ў нас атрымаецца.

Месца трансляцыяў футбольных матчаў у Менску: «Millennium», «Акварыўм», паб «Градскі», «Рэактар», «Камянiца», «Піца-фут», «Ямайка» -- 21:30. Матч будзе паказаны па тэлеканале АНТ.

Апошнія навіны