Бел-чырвона-белыя перамаглі чырвона-зялёных (Фота)
- 15.10.2008, 23:38
У Менску завяршыўся матч адборачнага турніра Чэмпіяната свету-2010. Зборная Англіі перамагла зборную Беларусі з лікам 3:1. Уэйн Руні двойчы паразіў вароты беларусаў падчас другога тайма. Гол у вароты ангельцаў забіў Павел Сітко.
Склады каманд
БЕЛАРУСЬ — 12. Жаўноў, 2. Кульчый (к), 3. Філіпенка, 4. Амельянчук, 5. Молаш, 7. Булыга, 10. Сітко, 13. Кутузаў, 14. Пуціла, 16. Стасевіч, 18. Вярхоўцаў.
Запасныя — 22. Вярэмка, 6. Карыцька, 8. Страхановіч, 9. В.Глеб, 11. Радзівонаў, 15. Паўлаў, 17. Сасноўскі.
АНГЛІЯ — 1. Джэймс, 2. Браўн, 3. Брыдж, 4. Джэрард, 5. Фердынанд (к), 6. Апсон, 7. Уолкат, 8. Лампард, 9. Хескі, 10. Руні, 11. Бары.
Запасныя — 12. Карсон, 13. Джонсан, 14. Лескат, 15. Бэкхэм, 16. Райт-Філіпс, 17. Дэфо, 18. Краўч.
Падчас сённяшняга матчу з Англіяй настаўнік беларускай зборнай Бернд Штанге здрадзіў сабе, даверыўшы месца ў асноўным складзе некалькім маладым гульцам - Ігару Стасевічу, Антону Пуціле і Паўлу Сітко. Менавіта апошні апраўдаў давер трэнера, забіўшы зваротны мяч у вароты ангельцаў. Першымі жа адрозніліся родапачынальнікі футбола. Стывен Джэрард на 12-й хвіліне матчу дакладна паразіў вароты Жаўнова, паведамляе партал Tut.by.
«У беларусаў быў кароткі перыяд натхнення (хвілін пятнаццаць), які завяршыўся голам Сітко. Астатнюю частку матчу - да і пасля гала - беларусы гулялі не нясмела, але і не ярка. А ангельцы гулялі можна сказаць салідна», -- падводзіць вынік партал Open.by
Нагадаем, што напярэдадні матчу абедзве каманды панеслі кадравыя страты. За зборную Беларусі не змог згуляць яе капітан Аляксандр Глеб, які не паспеў аднавіцца пасля траўмы. Да таго ж галоўны трэнер "Барселоны" не адпусціў Глеба на гульню з ангельцамі. Замест яго капітанскую павязку апрануў самы дасведчаны гулец нашай каманды Аляксандр Кульчы.
Зборная Англіі недалічылася капітана Джона Тэры. Акрамя яго з-за траўмаў не змог згуляць з беларусамі абаронца лонданскага "Чэлсі" Эшлі Коўл. Аднак усё жа ў складзе ангельцаў дастаткова майстроў, таму страты здаваліся ўзнаўляльнымі. А вось страта Глеба магла стаць для беларусаў фатальнай. Дарэчы, на перадматчавай прэс-канферэнцыі Фабіа Капэла параўнаў стыль гульні нацыянальнай каманды Беларусі з манерай лонданскага "Арсенала", тым не менш, удакладніў, што ўзроўню ангельскага суперклуба адпавядае толькі адзін беларус - Аляксандр Глеб. "У каманд падобныя манеры гульні - шмат кароткіх перадач і хуткасных перасоўванняў гульцоў па полі. Але ўзроўню "Арсенала" сярод беларускіх футбалістаў адпавядае толькі Аляксандр Глеб. Дарэчы, пачуўшы, што А.Глеб неяк заявіў, што ў зборнай Ангельшчыне Фабіа Капэла ўсталяваў камунізм, трэнер ангельцаў паціснуў плечамі: "Што Глеб можа ведаць аб камунізме? Ён занадта для гэтага малады…"
У Менск прыбыло каля 3 тысяч ангельскіх фанатаў. Яны размясціліся ў менскіх пабах, а цэнтральным пунктам дыслакацыі было месца каля ўніверсама "Цэнтральны". Брытанскія фанаты пілі піва, скандавалі крычалкі і фатаграфаваліся з беларускімі дзяўчынамі. Беларусы таксама браталіся з ангельцамі. Аднак больш за ўсё фатаграфаваліся з ангельскімі паліцэйскімі, якіх у Менск прыбыло дзевяць чалавек. Яны дапамагалі беларускай міліцыі наводзіць парадак.