У цэнтры Полацку запалілі сьвечы салідарнасьці
- 17.10.2008, 10:43
Учора ў Полацку адбылася акцыя салідарнасьці, арганізаваная прадстаўнікамі стваранай арганізацыі “Маладая Беларусь”.
А восьмай увечары ў цэнтар гораду да помніку Францішку Скарыну выйшлі 15 моладзевых актывістаў. Хлопцы й дзяўчаты запалілі лямпадкі й на чвэрць гадзіны утварылі “жывы ланцуг”, трымаючы партрэты зьніклых Віктара Ганчара, Юр’я Захаранкі й Зьмітра Завадзкага, паведамляе “Радыё Свабода”.
Да ўдзельнікаў акцыі падышоў начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Іван Крахотка і запытаўся, чые гэта партрэты, але загаду затрымаць актывістаў ня даў. За падзеямі здаля назіралі яшчэ шасьцёра міліцыянтаў. Яны паселі па службовых машынах ды разьехаліся, калі акцыя салідарнасьці завяршылася.