Беларусь зрабіла першы крок да прызнання Абхазіі і Паўднёвай Асеціі?
- 17.10.2008, 13:29
На 34-й сесіі парламенцкага схода «саюза» Беларусі і Расеі, якая праходзіць у Маскве ў пятніцу, парламентам Абхазіі і Паўднёвай Асеціі па адзінагалосным рашэнні быў нададзены статут пастаянных назіральнікаў пры ПС.
Удзельнікі сесіі разгледзелі заявы, якія паступілі ад парламентаў Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, з просьбай надаць ім гэты статут.
Як перадае "Интерфакс", дыскусія была нядоўгай, і ў удзельнікаў сесіі ўзнікла толькі адно пытанне - наколькі юрыдычна правільна будзе прыняцце станоўчага рашэння ў сітуацыі, калі Беларусь афіцыйна не прызнала незалежнасць гэтых рэспублікаў.
Чалец ПС ад Беларусі, старшыня камітэта па пытаннях знешняй палітыкі Мікалай Чаргінец сказаў, што прыняцце рашэння аб статуце пастаянных назіральнікаў "ніякім чынам не з'яўляецца ціскам" і "гэтае пытанне парламенцкага ўзаемадзеяння".
Паводле сцвярджэння Чаргінца, ён не бачыць ніякіх праблемаў у наданні статуту пастаянных назіральнікаў парламентам Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.
У выніку чальцы ПС адзінагалосна прагаласавалі за гэтае рашэнне.