Лукашэнка і Мядзведзеў могуць разгледзець Канстытуцыйны акт «саюзнай дзяржавы» у хуткім часе
- 17.10.2008, 15:09
Праца над праектам Канстытуцыйнага акту так званай «саюзнай дзяржавы» скончаная, паведаміў БелТА старшыня «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага схода» Беларусі Вадзім Папоў.
"Беларуска-расейская працоўная група па падрыхтоўцы праекту Канстытуцыйнага акту «саюзнай дзяржавы» цалкам скончыла ўзгадненне гэтага дакумента, - сказаў ён. - Праект перададзены ў Вышэйшы Дзяржсавет «саюзнай дзяржавы»".
Вадзім Папоў не выключыў, што праект Канстытуцыйнага акту можа быць разгледжаны на найбліжэйшым паседжанні Вышэйшага Дзяржсавета.
Спікер ніжняй палаты беларускага «парламента» нагадаў, што раней былі распрацаваныя некалькі праектаў Канстытуцыйнага акту, у якіх утрымліваліся самыя радыкальныя прапановы. У адпаведнасці з некаторымі з іх прапаноўвалася стварэнне канфедэратыўнай дзяржавы, увядзенне паста прэзідэнта «саюзнай дзяржавы». «У распрацаваным намі праекце ўсе гэтыя пытанні вырашаюцца ў адпаведнасці з Дамовай аб стварэнні «саюзнай дзяржавы», - падкрэсліў Вадзім Папоў.