BE RU EN

Незалежных журналістаў пазбавяць доступу ў дзяржаўныя ўстановы

  • 17.10.2008, 17:24

Міністэрства інфармацыі 6 кастрычніка прыняло пастанову “Аб зацверджанні формы службовага пасведчання журналіста сродку масавай інфармацыі, зарэгістраванага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”. 13 кастрычніка яно было ўключана ў Нацыянальны рэестр прававых актаў РБ (8/19612).

Аднак у Мінінфармацыі высветлілася, што ні працэдура, ні правілы атрымання пасведчанняў новага ўзору ў дакуменце не абумоўленыя. Юрысты міністэрства толькі распрацавалі знешні выгляд пасведчання – гэта прадпісваў ім зрабіць нядаўна прыняты новы закон “Аб СМІ”.

Юрыст Юлія Кочына працытавала прэс-службе ГА БАЖ артыкул закона, які называецца «Статус журналіста СМІ».

«Пры ажыццяўленні прафесійнай дзейнасці журналіст абавязаны прад'яўляць па патрабаванні службовае пасведчанне. Форма службовага пасведчання журналіста СМІ, зарэгістраванага на тэрыторыі РБ, вызначаецца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання ў сферы СМІ». Вось ўсё, што напісана з гэтай нагоды. У выкананне гэтага артыкулу мы распрацавалі гэтую форму. Усё, на гэтым нашы функцыі скончаныя», - сказала юрыст.

Паводле Юліі Кочынай, у пастанове ўсяго некалькі радкоў: міністэрства пастанаўляе зацвердзіць форму пасведчання (яна падаецца ў дадатку да пастановы) і нагадвае, што пастанова ўступае ў сілу адначасова з законам “Аб СМІ” – тобок з 8 лютага 2009 г.

«Больш нічога. У дадатку ідзе форма: вонкавы бок, унутраны бок і што павінна ўтрымліваць пасведчанне. Ніякага парадку выдачы, замены пасведчанняў – нічога такога ў пастанове няма. Кожная рэдакцыя, кожны СМІ можа распрацаваць нейкае сваё палажэнне аб парадку выдачы такога пасведчання», - распавядае Юлія Кочына.

Такім чынам, на сёння зразумела толькі тое, што кожная рэдакцыя зарэгістраванага на тэрыторыі РБ СМІ павінна будзе пасля 8 лютага замяніць сваім супрацоўнікам старыя пасведчанні на новыя дакументы адзінага ўзору.

У беларускіх жуналістаў узнікае шмат пытанняў ў звязку з гэтай пастановай.

«Якая форма альбо які колер будзе ў гэтага пасведчання - не мае прынцыповага значэння. Значна важней парадак іх атрымання, які дагэтуль незразумелы. Ці трэба будзе «візаваць» гэтыя дакументы ў Міністэрстве інфармацыі? Ці бясплатная гэта будзе працэдура? Наколькі аператыўна гэта будзе рабіцца? Як быць з пасведчаннямі для пазаштатных аўтараў? Пытанняў пакуль што шмат», - зазначае галоўны рэдактар газеты «Белорусы и рынок» Вячаслаў Хадасоўскі.

«Якое ў цябе пасведчанне, у нашай краіне не мае ніякага значэння. Калі кагосьці не хочуць пускаць у Дом урада (як нашу журналістку Марыну Коктыш), дык не пусцяць нягледзячы ні на якія пасведчанні. Усё залежыць ад таго, якая каманда паступіла», - нагадвае Іосіф Сярэдзіч, галоўны рэдактар «Народнай волі».

«У журналісцкай супольнасці шмат «фрылансераў» - журналістаў, якія супрацоўнічаюць не з нейкім пэўным СМІ, а з цэлым шэрагам выданняў на ганарарнай аснове. Гэта за мяжой адна з самых распаўюджаных форм працоўных дачыненняў. Ужо сёння ўзнікае апасенне, што ўвядзенне абавязковага пасведчання адзінага ўзору будзе выкарыстана для абмежавання доступу да інфармацыі – прынамсі, гэтай катэгорыі журналістаў. Любому ахоўніку, любому вахцёру будзе даведзена, што існуе толькі адно сапраўднае пасведчанне - і патрапіць у некаторыя ўстановы будзе проста немагчыма...», - звяртае ўвагу старшыня ГА «БАЖ» Жанна Літвіна.

Нагадаем, што пытанне пра новыя пасведчанні ўжо абмяркоўвалася ў жніўні на прэс-канферэнцыі, прысвечанай новаму закону «Аб СМІ». Тады намесніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч патлумачыла намер увесці адзін ўзор журналісцкага дакумента імкненнем павысіць павагу да зарэгістраваных у краіне СМІ, «без падзелу на дзяржаўных і недзяржаўных».

Апошнія навіны