Лукашэнка не пускае ў Беларусь дэпутатаў Еўрапарламента
- 17.10.2008, 18:17
Старшыня Еўрапарламента і кіраўнікі фракцый 16 кастрычніка заклікалі беларускія ўлады «зняць забарону на ўезд у Беларусь з палітыкаў краін Еўразвяза».
Як паведамляюць БелаПАН са спасылкай на прэс-службу парламента ЕЗ, дэпутаты заклікалі афіцыйны Менск пайсці на такі крок у адказ на рашэнне кіраўнікоў МЗС краін ЕЗ аб частковым прыпыненні забароны на ўезд у ЕЗ беларускіх чыноўнікаў.
"Пастаянна адмова беларускіх улад у выдачы візы заходнім палітыкам выклікае асаблівае неўхваленне ў святле апошняга рашэння Рады міністраў ЕЗ", — заявіў старшыня Еўрапарламента Ганс-Герт Петэрынг.
28 кастрычніка сустрэча дэпутатаў з дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю пройдзе ў Вільнюсе, паколькі ім было адмоўлена ў магчымасці наведаць краіну. У літоўскай сталіцы яны сустрэнуцца, у прыватнасці, з экс-кандыдатамі ў прэзідэнты Аляксандрам Мілінкевічам і Аляксандрам Казуліным, а таксама студэнтамі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
Дэпутаты Еўрапарламента, якія мелі намер назіраць за выбарамі ў Беларусі, таксама не атрымалі беларускіх віз.
9 кастрычніка Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі, дзе заклікаў краіны ЕЗ перагледзець санкцыі ў адносінах афіцыйнага Менска, а таксама паставіць вяртанне ЕГУ у Менск адной з умоваў нармалізацыі адносінаў.