Пачаліся арышты кандыдатаў у дэпутаты ад апазыцыі
- 2.10.2008, 8:48
Былы кандыдат у дэпутаты Алесь Чыгір з Бабруйску быў выкліканы у міліцыю. Яго накіравалі ў ізалятар часовага ўтрыманьня адбываць 10 сутак арышту.
Судовая справа на спадара Чыгіра была заведзеная яшчэ ў траўні. Кіроўца таксоўкі, на якой Алесь вяртаўся разам зь сям’ёй дахаты, адмовіўся даць чэк з-за адсутнасьці касавага апарату. Чыгіра завезьлі ў пастарунак і зьвінавацілі ў пагрозах на адрас кіроўцы, пашкоджаньні машыны і непадпарадкаваньні міліцыянтам. Паводле жонкі актывіста Дануты Чыгір, гэта была сплянаваная правакацыя. І менавіта пасьля выбараў пра Алеся згадалі:
“У сувязі з выбарамі яны цягнулі, каб паказаць прыгожую карцінку для Захаду, што ў нас усё добра, дэмакратычна, прыгожа. А зараз выбары скончыліся, і яны далей робяць свае цёмныя справы. Як спадар Лукашэнка паабяцаў, што праз паўгоду ня будзе апазыцыі – вось яны зараз гэтым і займаюцца.
Мы пацярпелі, за гэта нас яшчэ і асудзілі. І калі Алеся 29-га траўня завезьлі ў пастарунак, я таксама прыбегла туды, то там ужо былі і прадстаўнікі КДБ. Там усё было адмыслова падрыхтавана”, -- паведаміла жонка Алеся Чыгіра ў інтэрв’ю “Радыё Свабода”.