У клініцы ў Бараўлянах тры тыдні няма лекаў для хворых на рак?
- 2.10.2008, 17:52
Хворыя паведамляюць, што ў Рэспубліканскім НДІ анкалогіі ў пасёлку Бараўляны пад Менскам ужо на працягу трох тыдняў няма цытагену — лекаў для хворых на рак.
Цытаген запавольвае развіццё ракавай пухліны і падаўжае жыццё хворым. «Лекі досыць дарагія і неабходныя людзям, — паведаміў сайту ucpb.org мінчук Руслан Луцэнка. — Тры тыдні я не магу ніяк даведацца, дзе яны. У Бараўлянах яны зніклі. І на ўсе мае пытанні старэйшая медсястра адказвае, што іх няма. Кажа, на мытні, нібы гэтыя лекі не могуць размытніць. Сёння я два разы ізноў тэлефанаваў у НДІ анкалогіі. Старэйшая медсястра сцвярджае, што іх па-ранейшаму няма».
Па словах Руслана Луцэнкі, у такім становішчы апынулася і ягоная знаёмая, якая хварэе. Яна тры тыдні не можа прайсці курс хіміётэрапіі, які ёй прапісалі. Ёй зрабілі два ўколы і потым сказалі, што лекі скончыліся. «Дарэчы, яны досыць добра ёй дапамаглі, — сказаў Руслан Луцэнка. — Сціх боль. А цяпер ён аднавіўся. Чаму тры тыдні ў нашай «сацыяльна арыентаванай дзяржаве» няма лекаў для цяжка хворых людзей, якім яны вельмі патрэбныя?».