Генеральным дырэктарам менскага «Дынама» стаў Аляксандр Белы
- 2.10.2008, 17:56
Менскае «Дынама» змяніла генеральнага дырэктара. Замест Уладзіміра Ганчарова на гэтую пасаду прызначаны Аляксандр Белы. Аб гэтым паведаміў афіцыйны сайт КХЛ.
Раней Белы працаваў у якасці генеральнага дырэктара Федэрацыі хакея Беларусі.
Змены ў кіравальным штабе менчукоў былі прадказальныя. Уладзімір Ганчароў некалькі месяцаў таму заступаў на пасаду генеральнага дырэктара з рэмаркай «Часова». Федэрацыя хакея «папрасіла» Уладзіміра Вадзімавіча паставіць клуб на ногі, што, як здаецца, Ганчароў здолеў зрабіць.
— Прыйшоў час, — пракаментаваў сваю адстаўку «Советской Белоруссии» Ганчароў. — Першапачаткова было дамаўленне, што я буду працаваць у якасці генеральнага дырэктара першыя 2 — 3 месяцы. У мяне ёсць бізнэс, якім трэба займацца. Таму прыйшлося зрабіць выбар. Дарэчы, цяпер я знаходжуся ў Германіі як раз па сваіх справах. Магчыма, маё супрацоўніцтва з «Дынама» працягнецца, але ў іншай форме.