Франака Вячорку дапыталі ў Маскве супрацоўнікі ФСБ
- 20.10.2008, 11:08
Увечары 17 кастрычніка ў маскоўскім аэрапорце Шарамеццева-2 быў затрыманы лідар “Моладзі БНФ” Франак Вячорка.
Франак Вячорка меў намер вылецець з Масквы ў Варшаву. Моладзевы лідар прайшоў рэгістрацыю, здаў багаж, але ўжо перад самай пасадкай у самалёт быў затрыманы службай аховы аэрапорту. Пасля гэтага прадстаўнікі расейскіх спецслужб цэлую гадзіну дапытвалі моладзевага актывіста. На такі ж час быў затрыманы і сам самалёт польскай авіякампаніі “Лёт”.
З-за допыту Франака Вячоркі самалёт затрымалі на цэлую гадзіну – інцыдэнт адбыўся пасля таго, як супрацоўнікі памежнай службы знайшлі моладзевага актывіста ў адмысловым спісе беларускіх невыездных, перадае “Радыё Рацыя”.
“Перад уваходам у самалёт мяне спынілі супрацоўнікі службы бяспекі, наколькі я зразумеў, гэта былі супрацоўнікі ФСБ, і папрасілі прайсці за імі. У руках у іх быў мой багаж, яны правялі мне невялічкі допыт, задавалі пытанні, ці не маю я дачынення да крыміналу, чаму я лячу ў Варшаву менавіта праз Маскву і г.д. Адметна, што пры гэтым усім спецслужбоўцы паводзілі сябе вельмі нахабна, ніякіх прычынаў і падставаў затрымання яны не тое што не называлі, а нават і не збіраліся мне штосці тлумачыць”, - рапавядае Франак Вячорка.
Варта зазначыць, што гэта ўжо не першае падобнае затрыманне моладзевага актывіста. Між тым раней, як зазначае Вячорка, праблемы ў яго ўзнікалі толькі пры выездзе з беларускай тэрыторыі. Цяпер жа, як кажа Франак, спісы невыяздных, у якія моладзевы актывіст патрапіў з-за незразумелай сітуацыі з адтэрміноўкай ад вайсковае службы, хутчэй за ўсё былі перададзеныя і расейскім памежнікам.
Франак Вячорка гаворыць, што намераны дамагацца расследвання дадзенага выпадку і атрымання ад расійскіх, так і беларускіх, памежнікаў афіцыйных тлумачэнняў здарэння.