Андрэй Левінаў: «Большасьць беларусаў успрымаюць міліцыю як карны орган»
- 20.10.2008, 15:36
Былы віцебскі міліцыянт і экс-кандыдат у дэпутаты Андрэй Левінаў распавёў у інтэрв’ю «Радыё Свабода» аб цяжкасьцях, якія яму даводзілася пераносіць падчас 15 год працы. Апошнім разам яго пакаралі, зьняўшы з пасады намесьніка начальніка РАУС.
Андрэй Левінаў спачатку служыў участковым, 11 гадоў — у службе дазнаньня, быў намесьнікам начальніка РАУС. З-за сваёй прынцыповасьці, нежаданьня саступаць “просьбам”, тэлефонным “парадам” і неабгрунтаваным загадам начальства кар’ера капітана Левінава складалася няпроста. А пасьля й наагул звольнілі.
“Мяне чарговым разам хацелі звольніць па надуманых прычынах. Аднак у іх нічога не атрымалася, а я пагадзіўся прадоўжыць службу простым участковым”, - не здаецца Левінаў.
Па словах міліцыянта, у працы яму дадавалі аптымізму людзі, што былі побач.
“Найперш адносіны простых людзей — гэта давала падставы меркаваць: ты на сваім месцы. Ты патрэбен людзям, бо дапамагаеш ім. Што да начальства, дык мяне ніколі не цікавіла ягоная ацэнка”, - тлумачыць Андрэй Левінаў.
На ягоную думку, цяперашняя беларуская міліцыя - “вэртыкальная”, уладная.
“Натуральна, “вэртыкальная”. Нездарма ж кажуць і пішуць: аддзел унутраных спраў такога вось выканкаму. Плюс другое падпарадкаваньне — міністэрству”, - зазначае спадар Левінаў.
За 15 год службы міліцыянт пераканаўся, што законы трэба мяняць кардынальна, памяняць права да лепшага.
“Бо цяпер усе законы зробленыя пад чынавенства, а зусім не пад шараговых грамадзянаў. А гэта трэба мяняць”, - кажа ён.
Падчас “выбарчай кампаніі”, якая нядаўна адбывалася, міліцыянт яшчэ раз пераканаўся, што ўлада гуляе ў свае гульні па сваіх правілах і ніколі ня будзе захоўваць закон.
Таксама Андрэй Левінаў зазначае, што большасьць людзей цяпер баяцца беларускай міліцыі, успрымаюць яе толькі як карны орган.