BE RU EN

Дзяржкантроль: Трэба памяншаць залежнасць Менска ад імпарту

  • 20.10.2008, 16:26

Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) Беларусі прапаноўвае Менгарвыканкаму адкарэктаваць пералік праектаў імпартазамяшчэння і павялічыць іх фінансаванне за кошт сродкаў мясцовага бюджэту.

Калегія КДК па выніках паседжання 17 кастрычніка "прапанавала Менскаму гарадскому выканаўчаму камітэту адкарэктаваць пералік праектаў імпартазамяшчэння на 2006-2010 гады, прадугледзіўшы павелічэнне фінансавання за кошт сродкаў мясцовага бюджэту і паляпшэнне іх якаснага зместу", - гаворыцца ў прэс-рэлізе камітэта, які прыводзіць «Интерфакс».

Паводле інфармацыі прэс-службы, праведзеныя праверкі паказалі, што "Менгарвыканкам недастаткова ўвагі надае пытанням памяншэння залежнасці горада Менска ад імпарту". "У выніку ў цяперашні час у горадзе рэалізуецца толькі 33 імпартазамяшчальных праекты, прытым, што ў Менску дзейнічае больш за 37 тыс. арганізацыяў без ведамаснай падпарадкаванасці", - паведамілі ў КДК.

На думку КДК, імпартазамяшчальныя праекты, якія рэалізуюцца, не аказваюць істотнага ўплыву на скарачэнне аб'ёму тавараў, працаў і паслугаў, якія імпартуюцца у сталіцу. "У 2007 годзе вытворчыя прадпрыемствы, якія скончылі рэалізацыю імпартазамяшчальных праектаў, выпусцілі новай прадукцыі ўсяго на $63,8 млн - гэта менш за 1% ад аб'ёму імпарту горада за 2007 год", - канстатавалі ў КДК.

"Асобныя імпартазамяшчальныя праекты рэалізуюцца без належнай прапрацоўкі і вывучэння кан'юнктуры рынка", - дадалі там.

Паводле аналізу КДК, асноўны ўплыў на рост імпарту і яго складнікаў аказваюць суб'екты прадпрымальніцкай дзейнасці без ведамаснай падпарадкаванасці. "Менавіта на гэтыя прадпрыемствы прыходзіцца найбольшая ўдзельная вага імпартных паставак тавараў у Менску. Арганізацыі непрамысловага сектара эканомікі за студзень- чэрвень бягучага года імпартавалі прадукцыі на $3,74 млрд - у 7,1 разу больш, чым экспартавалі", - паведамілі ў КДК. На думку КДК, "Менгарвыканкам і адміністрацыі раёнаў горада не забяспечваюць належнай каардынацыі і не аказваюць уздзеяння на стан знешнеэканамічнай дзейнасці гэтых суб'ектаў".

Па інфармацыі Камітэта дзяржкантролю, па выніках першага паўгоддзя 2008 года доля Менска ў знешнегандлёвым абарачэнні краіны склала 40,4%. У 2007 годзе ў Менск увезена тавараў амаль на $10 млрд (на 30,5% больш, чым у 2006 годзе), у першай палове 2008 года - на $5,53 млрд (на 43% больш).

Апошнія навіны