Канвенцыю ААН супраць гвалтоўных знікненняў падпісалі ўжо 78 дзяржаваў
- 21.10.2008, 8:28
29 верасня Танзанія і Лаос падпісалі Міжнародную канвенцыю ААН для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў. 1 кастрычніка свае подпісы пад канвенцыяй паставілі таксама Грэцыя і Ісландыя. Урад Беларусі адмаўляецца падпісваць гэты міжнародны дакумент.
Усяго пад Міжнароднай канвенцыяй ААН для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў ужо стаіць 78 подпісаў.
Міжнародная канвенцыя для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў загадвае дзяржавам-сябрам ААН прымаць эфектыўныя заканадаўчыя, адміністрацыйныя, судовыя і іншыя меры ў мэтах папярэджання і спынення актаў гвалтоўнага знікнення. Яна забараняе існаванне сакрэтных турмаў і абавязвае апавяшчаць сем'і аб лёсе іх затрыманых сваякоў. У дакуменце падкрэсліваецца, што пры вызначаных акалічнасцях гвалтоўныя знікненні могуць прызнавацца злачынствам супраць чалавецкасці. У гэтай якасці яны падпадаюць пад юрысдыкцыю міжнароднага крымінальнага права.
Міжнародная канвенцыя для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў уступіць у сілу на трыццаты дзень пасля сдачы на захоўванне Генеральнаму сакратару ААН 20-й ратыфікацыйнай граматы або дакумента аб далучэнні. На сённяшні дзень канвенцыя ратыфікаваная ўсяго 5 дзяржавамі.