BE RU EN

У Беларусь таемна прыязджаў сын Фідэля Кастра

  • 21.10.2008, 9:31

Старэйшы сын Фідэля Кастра, які яшчэ некалькі год таму лічыўся адным з найбольш верагодных пераемнікаў камандантэ, нядаўна прыязджаў у Беларусь.

Афіцыйных паведамленняў аб візіце ў Менск сына кубінскага дыктатара, навукоўца-фізіка не было. Аднак інтэрнэт-газеце «Салідарнасць» удалося атрымаць пацверджанні таго, што Кастра-малодшы гасцяваў на беларускай зямлі.

Атрымаўшы інфармацыю аб візіце Фідэліта Кастра, журналісты спрабавалі пераправерыць яе ў афіцыйных крыніцах. У МЗС Беларусі заявілі, што «не каментуюць чуткі». Але ў амбасадзе Кубы ў Беларусі пацвердзілі, што сын Фідэля Кастра сапраўды наведваў Беларусь.

— Так, Фідэліта Кастра быў тут. З вузкай праграмай, па запрашэнні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, — сказалі ў амбасадзе Кубы ў Беларусі.

У камітэце пацвердзілі, што Фідэль Кастра-малодшы прыязджаў у Беларусь прыкладна паўтара месяцы таму. Ён наведаў навуковыя цэнтры Акадэміі навук (у тым ліку і аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў “Сосны”), Міністэрства адукацыі, пагутарыў з кіраўніцтвам гэтых устаноў.

— Гэта быў ягоны першы візіт у Беларусь, — адзначыла начальнік аддзела міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях Тамара Сяркова. — Фідэліта Кастра цікавіў навуковы патэнцыял Беларусі. Падчас сустрэч яму былі перададзеныя інфармацыйныя матэрыялы аб стане навукова-тэхнічнай сферы ў Беларусі. Ён паабяцаў, што, вярнуўшыся на Кубу, перадасць іх у адпаведыя профільныя арганізацыі. Тады партнёры змогуць звязвацца напрамую.

Журналісты пацікавіліся, ці абмяркоўвалася з Фідэліта Кастра — былым кіраўніком кубінскага Агенцтва па атамнай энергіі — тэма будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі?

— Ніякай канкрэтыкі. Гэта была проста азнаямленчая паездка, — падагульніла суразмоўніца.

Цікаўна, чаму візіт гэтай знакавай асобы замоўчваўся афіцыйнымі СМІ. Прычым МЗС дагэтуль адмаўляе гэты факт, хоць там відавочна дасведчаныя аб гэтым візіце. Суцэльна магчыма, што Менск і Гавана сапраўды разглядаюць магчымасць папрацаваць над сумесным атамным праектам.

Апошнія навіны