Брынцалаў адмовіўся працаваць у Беларусі
- 21.10.2008, 14:27
Канцэрн «Белбіяфарм» створыць у Віцебску новую фармацэўтычную вытворчасць, аднак будзе вымушаны гэта рабіць уласнымі сіламі, за кошт бюджэтных сродкаў і без удзелу замежных інвестараў.
Як паведаміў сёння на паседжанні прэзідыўма Саўміна Беларусі старшыня канцэрна "Белбіяфарм" Міхаіл Чарапок, пасля адмовы расейскага інвестара ААТ «Ферэйн» - адна з кампаніяў расейскага прадпрымальніка Брынцалава - ад удзелу ў праекце, было прынятае рашэнне рэалізоўваць яго ў два этапы. Першы этап - арганізацыя пакавальна-фасовачнай вытворчасці - запланаваны на снежань бягучага года, перадае АФН.
Як паведамлялася яшчэ ў сакавіку, удзел Брынцалава ў гэтым праекце лічыўся «ужо вырашаным» пытаннем.
«Пытанне будаўніцтва фабрыкі ў Віцебску абмяркоўваецца Уладзімірам Брынцалавым і беларускім бокам паўтары гады. Ужо падрыхтаваная праектная дакументацыя», - казала тады прадстаўніца Брынцалава Надзея Грыцэнка.
Паводле яе словаў, планавалася рэканструкцыя існуючага ў Віцебску фармпрадпрыемства з аб'ёмам інвестыцыяў у 100-120 млн дал. на парытэтных умовах, гэта значыць 50 на 50% са стварэннем сумеснага прадпрыемства «Вітуніфарм». «Вітуніфарм» планавалася зарэгістраваць у СЭЗ «Віцебск».
У красавіку Брынцалаў быў уганараваны сустрэчай з А.Лукашэнкам, падчас якой апошні выявіў проста-такі бацькоўскі клопат да расейскага інвестара.
«Мы з вамі працуем з 2006 года. Тады на сустрэчы мы казалі аб стварэнні вытворчасці па выпуску медпрэпаратаў, па пытаннях нерухомасці. З таго часу ў мяне з'явіўся шэраг пытанняў. Перш за ўсё, не ці здарылася так, што нешта перашкаджае вам працаваць у Беларусі. Самае галоўнае, каб вы дакладна выказалі, што перашкаджае вам развіваць гэтую вытворчасць у Беларусі, хацеў бы, каб у нас была сумленная і адкрытая размова ў Беларусі», - сказаў тады Лукашэнка, звяртаючыся да Брынцалава.
І ў кастрычніку адмова. Як патлумачылі ў канцэрне Белбіяфарм, вядома ж, прамой адмовы Брынцалава ад удзелу ў праекце не было – расейскі інвестар проста не выконваў дасягнутыя з беларускім бокам дамоўленасці.
«Велізарная тытанічная праца, праведзеная як прадстаўнікамі беларускага боку, так і прадстаўнікамі Брынцалава не прывяла да нейкіх вынікаў», - патлумачылі ў канцэрне Белбіяфарм. – «Была праведзеная дастатковая колькасць нарадаў, падпісваліся пратаколы. Але як толькі даходзіла да выканання дасягнутых дамоўленасцяў, з боку расейскага інвестара не было ніякіх дзеянняў».
Пераадолець інвестыцыйную нерашучасць Брынцалаву не дапамог нават падпісаны яшчэ зусім нядаўна, 6 кастрычніка, указ А.Лукашэнкі №542, паводле якога кампанія Брынцалава ААТ «Ферэйн» была вызваленая ад мытных пошлінаў на тавары, якія ўвозяцца ў Беларусь для будаўніцтва і абсталявання фармпрадпрыемства ў Віцебску.
У выніку Белбіяфарм, якому ў любым выпадку прыходзіцца выконваць даручэнне ўрада па стварэнні фармпрадпрыемства ў Віцебску, быў вымушаны прапанаваць альтэрнатыўны варыянт вырашэння пытання. Праект будзе рэалізаваны без удзелу замежных інвестараў за кошт уласных сродкаў і сілаў, дзеля чаго ўжо створанае РУП «Белвітуніфарм».
Суразмоўца ў канцэрне выказаў шкадаванне, што гэты дарагі праект пазбавіўся знешніх, а ў гэтым выпадку расейскіх інвестыцыяў, аднак падкрэсліў, што прадпрыемства будзе створанае - рашэнне ўрада трэба выконваць.
Узнікае пытанне, на якую перашкоду напароўся Брынцалаў, які замахнуўся на гэткі амбіцыйны праект. Адказ цалкам відавочны – грошы ці хутчэй іх адсутнасць. Сусветны фінансавы крызіс вядома ж паўплываў на планы Брынцалава, але вельмі апасродкавана. Грошы ў Брынцалава ёсць, аднак рэалізацыю праекту ён меў намер ажыццяўляць не за кошт уласнай скарбонкі, а за кошт атрыманых прыбыткаў ад пастаўкі і перапрацоўкі нафты ў Беларусь. Кошты на нафту на сусветным рынку ўнеслі сваю карэктыву – перапрацоўка нафты ў Беларусі з далейшым экспартам нафтапрадуктаў раптам перастала прыносіць звышпрыбыткі. Акрамя таго, у Брынцалава не атрымалася атрымаць тыя ўмовы па пастаўках нафты ў краіну, якія ён меў намер выбіць з беларускага кіраўніцтва. Беларускія чыноўнікі засцерагліся даць поўны ход планам Брынцалава.
Акрамя таго, з беларускага боку знікла так званая «зямельная» цікавасць да Брынцалаву. Пасля падпісання адпаведнай дамовы з Расеяй аб перадачы ва ўласнасць Беларусі санаторыяў "Беларусь" у горадзе Сочы і "Белая Русь" у Туапсэ зямельныя ўладанні Брынцалава страцілі ў некаторай ступені сваю каштоўнасць для беларускага боку.
Варта адзначыць, што Брынцалаў страціў не толькі праект у Беларусі, кліента на свае ўчасткі пад Сочы, але і 20 млн. даляраў «спонсарскай дапамогі», за якую яму ў красавіку падзякаваў Лукашэнка. Гэтыя грошы да Брынцалава не вярнуцца, як і не вернецца перадаплата за выкуплены Брынцалавым нумар люкс у менскім гатэлі "Еўропа".