BE RU EN

Velcom: Выдаткі, звязаныя з перавядзеннем з занальнага кода 029, велізарныя

  • 21.10.2008, 16:22

Кампанія Velcom спадзяецца на прыняцце ўзважанага рашэння па пытанні перавядзення мабільных аператараў Беларусі на асобныя занальныя коды.

"Выдаткі, звязаныя з перавядзеннем велізарныя, бо яны закрануць практычна кожнага. Будзе патрэбна змяніць каля 7 млн. тэлефонных (колькасць абанентаў Velcom і "МТС", якія карыстаюцца адным занальным кодам "029" - ИФ) нумароў у адрасных кнігах, візітоўках, даведніках, таксі і т.д. Нас чакаюць сур'ёзныя інвестыцыі для кантролю зменаў нумароў у такім аб'ёме", - заявіў агенцтву "Интерфакс-Запад" намеснік генеральнага дырэктара па маркетынгу ЗП "Вэлкам" Марцін Ліпаўц.

"Мы разумеем, што ідэя лёгкага вызначэння сеткі прадыктаваная часам. Шэраг абанентаў знойдуць у гэтых зменах сур'ёзныя плюсы, бо сетку, а значыць, і кошт званка будзе лягчэй вызначыць", - заўважыў ён. "З іншага боку, існуе верагоднасць, што ў будучыні надыйдзе час партатыўнасці нумароў, і, магчыма, прыстаўка ў выглядзе кода ізноў не будзе індыкатарам сеткі", - падкрэсліў намеснік генеральнага дырэктара.

"З улікам сур'ёзнасці ўсяго вышэйпералічанага мы спадзяемся, што пры выпрацоўцы канчатковага рашэння будуць улічвацца ўсе аспекты гэтага пытання", - канстатаваў ён. Пры гэтым М.Ліпаўц звярнуў увагу на кантакты міністэрства сувязі і інфарматызацыі з аператарамі пры абмеркаванні гэтага пытання.

Як раней паведамляла агенцтва, Мінсувязі планавала перавядзенне 1 лістапада абанентаў Velcom і "МТС" з агульнага кода "029" у "044" і "033" адпаведна. Пры гэтым трэці GSM-аператар "БЭСТ" працягне працу ў дыяпазоне "025", які ўжо замацаваны за ім, а аператар Diallog, які працуе ў стандарце cdma, застанецца ў зоне "029".

Між тым у Беларусі ў 2011 годзе можа быць укаранёная "партатыўнасць" (portability) мабільных нумароў. Гэтая паслуга прадугледжвае магчымасць абанентаў змяняць аператара сотавай сувязі, захоўваючы пры гэтым нумар мабільнага тэлефона.

Аператар Velcom быў створаны ў ліпені 1998 года як сумеснае беларуска-кіпрскае прадпрыемства "Мабільная лічбавая сувязь", зарэгістраванае ў форме таварыства з абмежаванай адказнасцю. У 1998 году атрымаў ліцэнзію на праектаванне, будаўніцтва і эксплуатацыю нацыянальнай сеткі сотавай сувязі стандарту GSM-900, а таксама на аказанне паслугаў сувязі стандарту GSM, у 2002 годзе - ліцэнзію на стварэнне сеткі сотавай сувязі стандарту GSM-1800. З 22 жніўня 2007 года аператар змяніў юрыдычную назву на "Замежнае прыватнае ўнітарнае прадпрыемства па аказанні паслугаў "Мабільная лічбавая сувязь". 15 траўня бягучага года аператар змяніў назоў на ЗП "Вэлкам" (гандлёвыя маркі velcom і ПРЫВІТАННЕ).

Па выніках першага паўгоддзя колькасць абанентаў аператара складае 3,369 млн. карыстальнікаў.

Апошнія навіны