BE RU EN

ЦВК адмаўляецца ўдакладняць колькасць галасаваўшых датэрмінова падчас «выбараў»

  • 21.10.2008, 17:47

У сваім адказе актывісту руху “За Свабоду” Карэну Акопаву старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыць адмову даваць звесткі пра колькасць галасаваўшых датэрмінова тым, што просьба актывіста нібыта не грунтуецца на нормах Выбарчага кодэксу.

Карэн Акопаў прасіў таксама паведаміць пра колькасць выбарцаў, унесеных у дадатковыя спісы, а таксама азнаёміць яго з копіяй пратаколу акруговай камісіі і вынікамі галасавання па кожнаму з 30 участкаў Сухараўскай выбарчай акругі. На ўсе просьбы атрымана адмова, паведамляе сайт Milinkevich.org.

Як вядома, амаль па ўсёй краіне выбарчыя камісіі не давалі дакладнай інфармацыі па колькасці прагаласаваўшых датэрмінова. Старшыні камісій агучвалі толькі прыблізны адсотак.

Актывіст ўпэўнены, што ўлады завысілі колькасць тых, хто ўздельнічаў у галасаванні і такім чынам забяспечылі неабходную яўку ды магчымасць для маніпуляцый з бюлетэнямі.

− Насамрэч выбары не адбыліся, бо па Сухараўскай выбарчай акрузе № 102 прагаласавала не болей 40% выбаршчыкаў. Каманда Алеся Лагвінца правяла нагляданне за трыма ўчасткамі акругі ад самага пачатку датэрміновага галасавання. Дык вось, выявілася, што па гэтых трох участках датэрміновае галасаванне склала 9,5%, а па ўсіх астатніх участках акругі (не ахопленым поўнамаштабным назіраннем) – амаль 30%. Тое, што па 27 участках датэрмінова галасавала амаль у тры разы болей, чым на тыя, дзе мы назіралі, дае падставы меркаваць, што на большасці ўчасткаў на этапе датэрміновага галасавання адбылося наўпроставае ўкідванне бюлетэняў, − кажа Карэн Акопаў.

Паводле афіцыйных дадзеных, агульная колькасць выбаршчыкаў па Сухараўскай выбарчай акрузе склала 57 тысяч 649 чалавек, колькасць выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні, – 34.543, колькасць галасоў, пададзеных за Вольгу Казуліну – 2.976, за Валянціну Лукашонак – 22.949, за Аляксея Туровіча – 4.619. Колькасць галасоў, пададзеных супраць усіх кандыдатаў склала 3.759. Колькасць несапраўдных бюлетэняў – 240.

Дарэчы, у дзень галасавання сумеснае назіранне на ўсіх участках Сухараўскай акругі зладзілі актывісты Алеся Лагвінца и Вольгі Казулінай.

Апошнія навіны