BE RU EN

Іранскія знішчальнікі прымусілі да пасадкі самалёт з беларускай вайсковай дэлегацыяй (Абноўлена)

  • 22.10.2008, 17:14

Сёння ў 03.12 знішчальнікі Ваенна-паветраных сілаў Ірана былі паднятыя па трывозе пасля таго, як беларускі самалёт уварваўся ў неба над гэтай краінай.

Самалёт не адрэагаваў на загад Цэнтра паветранай абароны, таму іранскія самалёты прымусілі беларускіх лётчыкаў пайсці на пасадку. Што рабіў беларускі самалёт у Іране, не паведамлялася, піша расейскае выданне «Известия» са спасылкай на інфармацыю ў іранскіх СМІ.

Спачатку міністэрства абароны Беларусі сцвярджала, што беларускага самалёта там не магло быць.

«Як вы сабе гэта ўяўляеце?! Беларусь не мяжуе з Іранам. Уявіце сабе, каб беларускаму знішчальніку дасягнуць мяжы з Іранам, яму яшчэ колькі межаў неабходна пераляцець. Усе беларускія знішчальнікі ў дадзены момант знаходзяцца на аэрадромах базіравання», -- заявіў у інтэрв'ю «Еўрарадыё» прэс-сакратар Мінабароны Беларусі Вячаслаў Раменчык.

Дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Мінтранса Вадзім Мельнік даручыў разабрацца з сітуацыяй вакол беларускага самалёта ў Іране.

«Калі выконваўся там нейкі рэйс беларускі, дык гэта не грамадзянскі. Таму што ніякіх рэйсаў не было. Магчыма, гэта ваенна-паветраныя сілы. Яны не ў нашым падначаленні. Магчыма, нейкая прыватная фірма. Яны маглі арандаваць самалёт. Адзінае, мы даем дазвол на выкананне рэйса. Я вам яшчэ раз скажу, у нас не было ў апошні час ніводнага грамадзянскага рэйса туды і ў хуткім часе не будзе», -- заявіў намеснік дырэктара па авіяцыі Уладзімір Косцін.

МЗС Беларусі: У затрыманым іранцамі самалёце ляцела беларуская вайсковая дэлегацыя

Бліжэй да вечара Міністэрства замежных справаў Беларусі пацвердзіла паведамленні іранскіх СМІ аб затрыманні іранскімі знішчальнікамі беларускага самалёта.

МЗС паведамляе, што ў ноч з 21 на 22 кастрычніка 2008 года самалёт ІЛ-76 Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь на патрабаванне іранскіх уладаў здзейсніў незапланаваную пасадку ў аэрапорце г. Бушэр. На борце самалёта знаходзілася беларуская вайсковая дэлегацыя, якая накіроўвалася ў горад Доху (Катар) для ўдзелу ў падвядзенні вынікаў міжнародных вучэнняў «Ferocious Falcon».

Маршрут руху самалёта быў загадзя ўзгоднены з іранскім бокам у адпаведнасці з міжнароднай практыкай, сцвярджае МЗС.

Раніцай 22 кастрычніка самалёт пакінуў аэрапорт Бушэр і выляцеў у г.Доху.

Падчас урэгуляванняў сітуацыі ў МЗС Беларусі 22 кастрычніка быў запрошаны Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь Сеед Абдала Хосейні.

Іранскі бок, у тым ліку па вайсковай лініі, выказаў шкадаванне з нагоды таго, што адбылося, і запэўніў у намеры правесці старанны аналіз акалічнасцяў сітуацыі, выкліканай адміністрацыйнымі няўвязкамі, кажацца ў паведамленні МЗС.

Апошнія навіны