Мабільныя аператары змогуць злучацца ў абыход «Белтэлекома»
- 22.10.2008, 17:02
Аператары мабільнай сувязі ў Беларусі сёлета атрымаюць права прамога злучэння адзін з адным ў абыход «Белтэлекома», заявіў агенцтву «Интерфакс» міністр сувязі і інфарматызацыі Мікалай Панцялей.
"Ім будзе дадзенае права прамога злучэння", - сказаў міністр.
Ён удакладніў, што гэта адбудзецца ўжо сёлета пасля падпісання Аляксандрам Лукашэнкам паправак у закон аб электрасувязі.
Каментуючы інфармацыю аб тым, што неабходнасць злучацца адзін з адным праз дзяржаўнага аператара "Белтэлеком" стварае дадатковую фінансавую нагрузку на канчатковых спажыўцоў, М.Панцялей заўважыў, што "той узровень прыбытковасці, які маюць аператары мабільнай сувязі, дазваляе не дапускаць дадатковую нагрузку на абанентаў".
"Галоўнае, што ўплывае на тарыфы, гэта канкурэнты", - сказаў міністр.
Каментуючы сітуацыю з абрывам кабеля на тэрыторыі Польшчы ў дзень адкрыцця Алімпіяды ў Пекіне, у выніку чаго ўся беларуская дэлегацыя засталася без роўмінгавай сувязі, М.Панцялей адзначыў, што "пасля гэтага інцыдэнту мы прапрацавалі трэці рэзервовы трафік на Кітай".
"У нас з Расеяй тры міжнародныя пераходы, тры з Украінай, па два з іншымі памежнымі краінамі. У гэтым выпадку на Кітай быў рэзерв не праз Польшчу, але там па збегу акалічнасцяў адбыўся тэхнічны збой", - удакладніў міністр.
Ён таксама адзначыў, што праблема датычыла ў той момант толькі роўмінгу і не датычыла фіксаванай сувязі. "Па фіксаванай сувязі ў нас фактычна пяцікратны рэзерв", - сказаў М.Панцялей.