Лукашэнка нечакана і тэрмінова вылятае ў Маскву на сустрэчу з Мядведзевым
- 24.10.2008, 8:53
25 кастрычніка ў Маскву для сустрэчы з прэзідэнтам Расеі Дзмітрыем Мядведзевым прылятае Аляксандр Лукашэнка.
Аб гэтым паведамляе расейская «Незалежная газета» і ўдакладняе: «інфармацыя аб візіце з'явілася літаральна напярэдадні і стала нечаканасцю». Крыніца газеты ў расейскіх каляпрэзідэнцкіх колах пацвердзіла: «сустрэча сапраўды чакаецца».
Здзіўленне экспертаў выклікае тое, што сустрэча адбудзецца амаль за тыдзень да паседжання Вышэйшага дзяржсавета «саюзнай дзяржавы», якое прызначанае на 3 лістапада. Якія праблемы прымусілі прэзідэнтаў пайсці на перамовы, не чакаючы запланаванай сустрэчы ў межах Дзяржсавета? Першая версія, якую выказваюць газеты, гэта тое, што вызначаюцца нейкія зрухі ў «саюзным» будаўніцтве. Раней у СМІ праходзіла інфармацыя аб тым, што на паседжанні Дзяржсавета прэзідэнты разгледзяць усё ж такі праект канстытуцыйнага акту, які, як адзначалі мясцовыя назіральнікі, знаходзіцца ў цяперашні час на дапрацоўцы ў расейскай сталіцы. Лагічна выказаць здагадку, што Дзмітрый Мядведзеў выклікае Аляксандра Лукашэнку ў Маскву, каб выказаць яму пазіцыю расейскага боку па змесце лёсавызначальнага для саюзнага будаўніцтва дакумента.
Ёсць падставы лічыць, што дыскусійным момантам канстытуцыйнага акту стане пытанне адзінай валюты. Напярэдадні міністр фінансаў Расеі Аляксей Кудрын, паведамляючы журналістам аб рашэнні Масквы прадаставіць Беларусі стабілізацыйны крэдыт, дадаў, што краіны-саюзніцы "вырашылі пашырыць сумесны план па стварэнні адзінай валюты, абнавіць супрацоўніцтва ў шэрагу галін паміж РФ і Беларуссю і па-новаму ацаніць перспектывы эканомік краін у сувязі з сусветным фінансавым крызісам". Па ягоных словах, план па стварэнні адзінай валюты быў прыняты з улікам неабходнасці эканамічнай стабілізацыі. Раней Менск увязваў пытанне адзінай грашовай адзінкі з пытаннем коштаў на энерганосьбіты, як фактарам, якія ўраўноўваюць умовы гаспадарання ў звюх краінах. "Увядзенне адзінай валюты павіннае стаць вянком інтэграцыі, заснаванай на стварэнні адзінай эканамічнай прасторы", стала паўтаралі прадстаўнікі ўлад Беларусі. Таму не выключана, што і гэтая тэма можа стаць прадметам абмеркавання двух прэзідэнтаў. Не меней важнае пытанне, напрамую звязанае з вышэйзгаданымі, - умовы прадастаўлення Беларусі стабілізацыйнага крэдыту ў памеры 2 млрд. дал.
Нагадаем, што Расея прыняла рашэнне аб вылучэнні Беларусі крэдыту на 2 млрд. дал. 1 млрд. дал будзе вылучаны ўжо сёлета, а яшчэ 1 млрд - у наступным годзе. У той жа час ні ў Маскве, ні ў Менску не тлумачаць, чым беларусы павінныя адплаціь расейцам за аказаную паслугу. І гэтае маўчанне нараджае чуткі. Менскія эксперты кажуць аб тым, што ўмовы прадастаўлення крэдыту напрамую ўвязаныя з тым, як далёка гатовая пайсці Беларусь у валютнай інтэграцыі.
У 2009 годзе расейскі газ у Беларусь будзе пастаўляцца па кошце, вызначаным па замацаванай у кантракце формуле. Паводле дасягнутай у снежні 2006 года дамоўленасці, кошт на расейскі газ будзе паэтапна падвышацца. Так, калі ў 2008 годзе кошт «блакітнага паліва» склаў 67% ад рынкавага, а ў 2009 годзе павінны быць на ўзроўні 80%.
Як раней заяўляў амбасадар РФ у Беларусі Аляксандр Сурыкаў, газ для Беларусі можа каштаваць 200-250 даляраў за тысячу кубаметраў.