BE RU EN

Еўразвяз аднавіў дыпадносіны з Кубай

  • 24.10.2008, 9:23

Еўрапейскі Звяз і Гавана афіцыйна аднавілі сувязі, разарваныя пасля ўвядзення ЕЗ у 2003 годзе дыпламатычных санкцый у адносінах Кубы за пераследы дысідэнтаў.

Камісар ЕЗ па развіцці і гуманітарнай дапамозе Луі Мішэль назваў дамову, падпісаную ім з кіраўніком МТД Кубы Фяліпэ Пэрэсам Рокэ, "паваротным пунктам" у адносінах паміж двума бакамі, перадае радыёстанцыя ВВС.

Кубінскі міністр расцаніў складзеную дамоўленасць як праяву павагі да палітычнай незалежнасці востраўнай дзяржавы.

У адпаведнасці з дамовай ЕЗ прадаставіць Кубе 2 млн. еўра ў якасці надзвычайнай дапамогі па пераадоленні наступстваў ураганаў. У наступным годзе краіна атрымае доступ да яшчэ 30 млн. еўра.

Дэлегацыя Еўразвяза паўторна наведае Кубу ў лістападзе, каб вызначыць запатрабаванні ў фінансаванні на 2009 год.

Ураганы "Айк" і "Густаў", што пранесліся па Кубе ў канцы жніўня і пачатку верасня, прынеслі краіне шкоды на мільярды даляраў.

Нягледзячы на гэта, кубінскія ўлады адверглі прапановы аб дапамозе не толькіза боку ЗША, але і Еўразвяза, што кажа аб ступені нацягнутасці адносін.

Зараз, пасля цырымоніі падпісання ў Гаване, Куба і ЕЗ дамовіліся аднавіць супрацоўніцтва.

У сумеснай заяве, падпісанай Мішэлем і Рокэ, гаворыцца аб павазе палітычнай незалежнасці Кубы і неўмяшанні ў яе ўнутраныя справы.

Паміж тым, Мішэль адзначыў, што ўрад Кубы пагадзіўся працягваць палітычны дыялог, для якога "не будзе забароненых тэм".

Мяркуецца, што ў наступным гэта адкрые шлях для перамоваў па такіх пытаннях, як дэмакратыя, правы чалавека і палітычныя пераследы.

У падыходах да адносінаў з Кубай Злучаных Штатаў і Еўропы маюцца буйныя разыходжанні.

З тых часоў, як да ўлады на востраве прыйшоў Раўль Кастра, які замяніў у кіраўніцтве краіны хворага брата Фідэля, палітыка ЕЗ была накіраваная на развіццё дыялогу з Кубай у надзеі дамагчыся змен.

Аднак кубінскі бок вылучаў ўмовай афіцыйнае зняцце еўрапейскіх дыпламатычных санкцый, уведзеных у 2003 годзе ў сувязі з масавымі арыштамі кубінскіх дысідэнтаў.

Дзеянне санкцый было прыпыненае ў 2005 годзе, аднак рашэнне аб іх ануляванні было прынятае толькі на саміце ЕЗ у чэрвені гэтага года.

Апошнія навіны