Беларускія сілавікі ня хочуць сустракацца з праваабаронцамі «Міжнароднай амністыі»
- 24.10.2008, 14:00
Афіцыйны прадстаўнік праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя» (Amnesty International) Хізэр МакГілл збіраецца з візітам у Беларусь. Але, як паведаміла праваабаронца, беларускія чыноўнікі неахвотна йдуць на кантакт.
Пад час візіту Хізэр МакГілл плануе правесьці шэраг сустрэч з адказнымі супрацоўнікамі Міністэрства унутраных спраў і Мінюста, Вярхоўнага Суда, іншых арганізацыяў, паведамляюць “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Пакуль, як паведаміла МакГілл, чыноўнікі неахвотна йдуць на кантакт. У Вярхоўным Судзе, напрыклад, адмовіліся ад сустрэчы, спаслаўшыся пры гэтым на занятасьць кіраўніцтва. Толькі прадстаўнікі Мінюста і Міністэрства ўнутраных спраў паведамілі, што пытаньне аб сустрэчы ў дадзены момант разглядаецца.
Найперш, міжнародную праваабаронцу цікавіць пытаньне прымяненьня ў судовай практыцы Беларусі сьмяротнага пакараньня і перспектывы яго канчатковай адмены. Нагадаем, што Рэспубліка Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай дзяржавай, якая не адмовілася ад прымяненьня сьмяротнага пакараньня.
Хізэр МакГілл плануе наведаць некалькі гарадоў і правесьці сустрэчы таксама з мясцовымі праваабаронцамі.