BE RU EN

Уладзімер Кудзінаў: «Ня веру ў амністыю капіталу па-беларуску»

  • 24.10.2008, 15:48

Аляксандар Лукашэнка зьбіраецца скасаваць абавязковае дэкляраваньне прыбыткаў пры разьмяшчэньні ўкладаў у беларускіх банках. Згодна ягонаму меркаваньню, гэткім чынам беларусы будуць больш давяраюць уладзе. Але беларускія бізнэсоўцы ня вераць у добрыя намеры беларускага кіраўніка.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што прынята адназначнае рашэньне скасаваць абавязковае дэкляраваньне прыбыткаў пры разьмяшчэньні ўкладаў у беларускіх банках. Днямі чакаецца падпісаньне адпаведнага Указу. Па словах Лукашэнкі, у дакумэнце будзе прапісана, што любыя кантрольныя сілавыя структуры будуць выведзеныя з банкаў, паведамляе “Радыё Свабода”.

Беларусь на тле сусьветнага фінансавага крызісу павінна максымальна задзейнічаць рычагі дзяржаўнага рэгуляваньня эканомікі, канстатаваў Аляксандар Лукашэнка. А за некалькі дзён да гэтага старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч заявіў, што ў адпаведнасьці зь дзяржаўным рашэньнем фізычныя асобы, у тым ліку нерэзыдэнты, атрымаюць магчымасьць разьмяшчэньня ўкладаў у беларускіх банках ня толькі ў неабмежаваных аб’ёмах, але і без дэклярацыі аб прыбытках з поўным захаваньнем таямніцы ўкладаў.

Былы дырэктар Беларускай фондавай біржы, экс-кіраўнік камэрцыйнага банку “Эўрапейскі” Валер Кругавы цяпер займаецца бізнэсам у Польшчы, дзе некалькі гадоў таму ён атрымаў палітычны прытулак. У Беларусі праблемы ў банкіра пачаліся яшчэ ў сярэдзіне 1990-х, калі ў рангу дэпутата Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня ён паставіў подпіс пад зваротам у Канстытуцыйны суд з патрабаваньнем імпічмэнту Аляксандра Лукашэнкі. Неўзабаве быў абвінавачаны ў махлярстве з каштоўнымі паперамі, што лічыць палітычнай замовай. І сёньняшнія заявы пра “лібэралізацыю” фінансавай сфэры ён характарызуе як дэмагогію ўладаў.

“Будуць магчымасьці, будзе інтарэс — капітал сам вернецца. Таму сама па сабе тэма амніставаньня капіталу, які сышоў за мяжу, — гэта “залюстроўе” з гледзішча рэальнай эканомікі. Калі капітал убачыць у гэтым патрэбу, ён вернецца без усялякіх амністый (і вяртаецца, калі камусьці гэта патрэбна). Таму ў дадзеным выпадку гэта ўсё бессэнсоўныя размовы. Толькі беларусы яшчэ здольныя разважаць, ці ёсьць жыцьцё на Марсе. Гэта ўвогуле нонсэнс! Не патрэбна гэта нікому, і абвяшчаць няма каму. Гэта тое ж, што абвясьціць, што на Месяцы жывуць людзі. Абсурд з пункту гледжаньня эканомікі жывой, і ня толькі жывой. Капітал — гэта такая субстанцыя, якая заўсёды прасочыцца, як вада. Калі ёсьць дзесьці шчыліна, вада дарогу знойдзе. Так і капітал, яго амніставаць ня трэба”, - сьцьвярджае Валер Кругавы.

Пасьпяховы колісь беларускі бізнэсоўца Ўладзімер Кудзінаў, калега спадара Кругавога па дэпутацкім корпусе, быў асуджаны па палітычным прычынам на сем гадоў зьняволеньня. Як і ў выпадку з Кругавым, справа была распачатай адразу пасьля знакамітага патрабаваньня адстаўкі беларускага кіраўніка. Аднак у эміграцыю Кудзінаў не падаўся, з-за чаго адседзеў чатыры гады ў турме. Пры канфіскацыі маёмасьці страціў амаль усё заробленае. Пасьля выхаду на волю выпрабоўваць лёс больш ня стаў і зьехаў ва Ўкраіну. Пад Севастопалем заняўся птушкагадоўляй у прамысловых маштабах. Сёньня ён не гатовы укласьці сродкі ў “адноўленую” Беларусь.

“Я жыву ў іншай краіне і проста ня веру ў такога кшталту дэкляраваньні. Нават каб і была магчымасьць вярнуцца, то з боку кіраўніцтва Беларусі гэта ня больш, чым словы. Звычайна ўлады робяць адно, а ў рэальнасьці маем зусім іншае. Многія прадпрымальнікі ўжо даўно зьехалі з краіны, і бальшыня па шмат якіх прычынах не жадаюць вяртацца пры той уладзе, якая іх колісь выкінула. Да таго ж і Расея, і іншыя краіны абвяшчалі эканамічную амністыю, і ніякага асаблівага эфэкту яна не дала”, - перакананы Ўладзімер Кудзінаў.

“На гэтым этапе ў сьвеце толькі некалькі валютаў, якія маюць інтарэс. Да Беларусі — ня думаю, што будзе нейкі падвышаны інтарэс з боку замежных грамадзянаў. А ў Беларусі ідзе дэградацыя грамадзтва, ідзе скарачэньне працоўнай сілы. Таму ня веру, што Беларусь будзе гэткай выспай стабільнасьці і прагрэсу на тле фінансавага крызісу”, - кажа бізнэсовец.

Калі паслухаць заявы дзяржаўных чыноўнікаў, то зьяўляецца ўражаньне, што рэформа ў фінансавай галіне ажыцьцяўляецца ледзьве не на просьбу замежных грамадзянаў. Учора Аляксандар Лукашэнка праінфармаваў дэпутатаў “палаты прадстаўнікоў”, што замежнікі нібыта вязуць вялікія сумы, каб разьмясьціць у беларускіх банках. І патлумачыў: гэта таму, што ў Беларусі няма карупцыі, як у іншых краінах, і людзі давяраюць уладзе. Але будзе яшчэ большы давер, калі банкі ня будуць заганяць у тупік пытаньнямі — адкуль грошы? Цяпер інвэстар мусіць дэкляраваць крыніцу прыбытку пры ўкладаньні на дэпазыт сумы, якая перавышае 2 тысячы базавых велічыняў —блізу 35 тысячаў даляраў.

Ці не выглядае так, што Беларусь гатовая пераўтварыцца ў звычайны афшор, дзе паходжаньне грошай сапраўды ня мае ніякага значэньня?

Апошнія навіны