BE RU EN

Далай-лама XIV пакідае пасаду: дыялог з Кітаем нічога не даў

  • 27.10.2008, 8:43

Духоўны лідэр тыбетцаў Далай-лама XIV заявіў аб намерах пакінуць сваю пасаду і прызнаў, што адмаўляецца ад наступных спроб пераканаць кітайскія ўлады ў неабходнасці прадастаўлення большай аўтаноміі Тыбету.

Сваю заяву 73-гадовы лаўрэат Нобелеўскай прэміі міра зрабіў напярэдадні прызначанага ў Пекіне трэцяга раўнда перамоваў паміж ім эмісарамі і прадстаўнікамі кітайскага кіраўніцтва. Аб гэтым журналістам распавёў Карма Чэопхел - афіцыйны прадстаўнік тыбецкага ўрада ў выгнанні, які базуецца ў індыйскім горадзе Дхарамсала.

"На працягу доўгага часу я шчыра прытрымліваўся "залатой сярэдзіны" у падыходзе да адносінаў з Кітаем, - адзначыў кіраўнік будыстаў Тыбета. - Аднак з кітайскага боку не рушыла ўслед ніякага пазітыўнага водгуку. Што датычна асабіста мяне, то я здаўся".

Па словах Далай-ламы, які быў змушаны збегчы ў Індыю з Тыбета, калі ў 1959 годзе там было разагнанае антыкітайскае паўстанне, ён павінен зараз прасіць тыбецкі народ вырашыць, як працягваць дыялог з Пекінам.

Як растлумачыў Чэопхел, раней Далай-лама казаў аб тым, што ўжо лічыць сябе "напалову ў адстаўцы", а зараз ён сцвярджае, што "амаль цалкам сышоў на супакой". Нядаўна духоўны лідэр перанёс хірургічную аперацыю ў Нью-Дэлі.

Здароўе Далай-ламы стала выклікаць надзвычайную занепакоенасць тыбетцаў са жніўня, калі з-за скаргаў на болі ў жываце ён адмовіўся ад свайго напружанага графіка. Хаця ягоныя апмочнікі і лекары запэўнівалі, што няма прычын для турботы, усе, хто хвалюецца за свайго лідэра, рэгулярна збіраліся ў галоўным храме Цуглакан, каб узнесці малітвы за здароўе і даўгалецце Далай-ламы.

У жніўні Далай-лама правёў некалькі дзён у лякарні Мумбаі, дзе быў праведзены медыцынскі агляд. Лекары рэкамендавалі яму адмяніць паездку ў Еўропу, заявіўшы, што ён пакутуе ад "перастамлення". Па вяртанні ў Дхарамсалу ён толькі некалькі разоў з'явіўся на публіцы перад тым, як ізноў адправіцца на медыцынскае абследаванне ў Нью-Дэлі.

У чацвер, 16 кастрычніка, ён выпісаўся з лякарні, дзе правёў каля тыдня пасля аперацыі па выдаленні жоўцевых камянёў, вырашыўшы некалькі дзён адпачыць у сталіцы Індыі. Заявіўшы, што аперацыя прайшла паспяхова, сакратар Далай-ламы Чжыме Рынзін адзначыў, што стан здароўя Яго Святасці не выклікае турботы. "Лекары ўжо далі "зялёнае святло" для аднаўлення ягонай дзейнасці", - адзначыў ён. Офіс Далай-ламы адзначыў, што ягоны графік, уключаючы праграму паездак, застаецца нязменным.

Апошнія навіны