BE RU EN

Старшынём новай «палаты» стаў Уладзімір Андрэйчанка

  • 27.10.2008, 12:35

Старшынём «палаты прадстаўнікоў» чацвёртага склікання стаў Уладзімір Андрэйчанка, які займаў пасаду старшыні Віцебскага аблвыканкама.

Як перадае "Інтэрфакс", за кандыдатуру Андрэйчанкі на пасаду спікера прагаласавалі 107 “дэпутатаў”, супраць - 1, адзін бюлетэнь быў прызнаны несапраўдным.

Андрэйчанка нарадзіўся ў 1949 годзе ў вёсцы Мар’янава Ліозненскага раёна Віцебскай вобласці. У 1968 годзе скончыў Лужэснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, у 1977 годзе - Вялікалуцкі сельскагаспадарчы інстытут (Расея), у 1988 годзе - Менскую вышэйшую партыйную школу. Заслужаны працаўнік сельскай гаспадаркі Беларусі. Пасля службы ў шэрагах Узброеных сіл з 1970 года быў на камсамольскай, партыйнай, гаспадарчай працы ў Ліозненскім раёне. У 1981-1991 гадах - начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі, старшыня Ліозненскага райвыканкама, першы сакратар Верхнядзвінскага райкама КПБ. У 1991-1994 гадах - першы намеснік старшыні, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і забеспячэнні насельніцтва харчаваннем Віцебскага аблвыканкама. Сябра Савета рэспублікі Нацыянальнага схода Беларусі (1996, 2000, 2004 гадах).

Працаваў старшынём Віцебскага аблвыканкама з лістапада 1994 года.

Нагадаем, што міжнародная супольнасць прызнала «парламенцкія выбары», якія прайшлі ў Беларусі, несвабоднымі і недэмакратычнымі. Апазіцыя таксама не прызнае вынікаў галасавання і лічыць іх сфальсіфікаванымі.

Апошнія навіны