У Беларусь экстрадуюць былога дырэктара Бабруйскага гідролізнага завода
- 27.10.2008, 12:44
У Беларусь з Узбекістана будзе экстрадаваны абвешчаны ў вышук былы дырэктар Бабруйскага гідролізнага завода.
Як паведамілі БелаПАН у Генеральнай пракуратуры Беларусі, у 2004 годзе абвешчаны ў вышук Магілёўскім абласным судом грамадзянін К., які схаваўся ад суду, завочна быў асуджаны на сем гадоў пазбаўлення волі. Яму абавязвалася здзяйсненне злачынстваў, прадугледжаных ч. 4 арт. 210 Крымінальнага кодэкса (крадзёж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі), ч. 2 арт. 209 (махлярства) і ч. 1 арт. 428 (службовая халатнасць).
Злачынец быў затрыманы ва Ўзбекістане. 20 кастрычніка Генеральная пракуратура гэтай краіны прыняла рашэнне аб экстрадыцыі К. у Беларусь. Сюды ён павінен быць дастаўлены праз Украіну. У сувязі з гэтым 27 кастрычніка Генеральная пракуратура Беларусі накіравала просьбу ўкраінскаму боку аб дазволе транзіту затрыманага праз яе тэрыторыю.