BE RU EN

Архэёлагі знайшлі пад Магілёвам «Пагоню» XVII стагодзьдзя

  • 27.10.2008, 14:29

У вёсцы Баркалабава на Быхаўшчыне скончаныя архэалягічныя раскопкі, якія праводзіў гістарычны факультэт Магілёўскага ўнівэрсытэту. Падчас раскопак студэнты знайшлі беларускі нацыянальны герб “Пагоня” XVII стагодзьдзя.

Тут, у Баркалабаве, знаходзіўся легендарны жаночы праваслаўны кляштар, дзе была створаная ня менш легендарная “Баркалабаўская хроніка”, якую сёньня вывучаюць у школах і ўнівэрсытэтах. Кляштар быў збудаваны ў XVII стагодзьдзі, а зьнішчаны ў савецкі бязбожны час, паведамляе “Польскае радыё”.

Зараз ад сьвятыні не засталося нічога, хіба што дзе-нідзе можна ў траве ўгадаць падмуркі храма. Паводле пляну, наступнаю вясною павінна пачацца аднаўленьне сьвятыні, а таму ўжо працяглы час тут ішлі раскопкі. Зараз праца скончаная. Кіраўнік раскопак вядомы архэоляг Ігар Марзалюк распавёў пра вынікі. Паводле словаў спадара Марзалюка, ад працы ёсьць вялікі плён. Быў дасьледаваны слой зямлі глыбінёю ад 30 да 100 сантымэтраў на тэрыторыі былога кляштарнага храму. Выявілася, што гэта была невялікая базыліка. Знойдзеныя рэшткі трох печаў, якія ацяплялі храм. Унікальным чынам захавалася й кафля зь печаў ХVII стагодзьдзя памерам 20 на 35 сантымэтраў. На ёй можна пабачыць выяву герба Магілёва, а таксама герб Пагоня.

Апроч гэтага, знойдзены бронзавы крыж і бронзавыя абклады вокнаў таго ж часу.

А ў часе досьледу падмуркаў былі зробленыя й зусім нечаканыя знаходкі – крамянёвыя прылады працы эпохі нэаліту. Гэта дае падставу меркаваць, што людзі жылі тут яшчэ 6 тысяч гадоў таму.

Ігар Марзалюк кажа, што ўдалося выявіць нават сьляды згаданага ў дакумэнтах пажару 1860 году, калі храм згарэў дазваньня, але быў адноўлены вернікамі. Архэоляг спадзяецца, што ўсе знаходкі дапамогуць аднавіць сьвятыню ў першасным выглядзе.

Апошнія навіны